Молодой специалист-медик рассказывает о своей работе

Здоровье Молодёжь

Знаёмцеся: раённы тэрапеўт

У разгар рабочага дня, калі да ўрача агульнай практыкі Лаліты Шкулавай адзін за адным ідуць пацыенты, выхапіць некалькі хвілін для размовы практычна немагчыма. Таму сустрэліся з маладым спецыялістам Шумілінскай ЦРБ падчас яе дзяжурства ў суботу.
Лаліта Шкулава, выпускніца раённай гімназіі, закончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і вярнулася працаваць на радзіму. Так і планавала – у свой час брала мэтавае накіраванне на вучобу. «Я адзіны медыцынскі работнік у сям’і, – кажа Лаліта. – Ну, калі не лічыць маю бабулю Зінаіду Мікалаеўну Аўдошка, якая працавала ў санстанцыі. Доктарам марыла стаць з дзяцінства. Мне падабаўся белы халат урача, а ідэальным доктарам для мяне быў хірург Хотак Абдул, да якога не аднойчы трапляла на прыём. Ён быў вельмі ўважлівы з пацыентамі, умеў знайсці з імі агульную мову. З дзяцінства я не баялася ўколаў і дактароў, наадварот, мне была цікавая іх работа».
У 2022 годзе, калі Лаліта праходзіла ў райбальніцы інтэрнатуру, пазнаёмілася з раённым педыятрам Вадзім Шкулаў. У мінулым годзе маладыя медыкі стварылі сям’ю.
За рабочую змену Лаліта Шкулава прымае 25 пацыентаў. Бывае і больш. «Паколькі на маім участку пераважна вяско-выя людзі сталага ўзросту, асноўныя захворванні, з якімі яны звяртаюцца – хранічныя, – кажа малады ўрач. – Часта людзей непакоіць павышаны ціск, боль у суставах. Складана, што не кожны прызнаецца, як даўно хварэе, не кожны сталы можа дакладна патлумачыць, як і што баліць. Таму прызначаю розныя абследаванні, каб паставіць правільны дыягназ і прызначыць эфектыўнае лячэнне».
Малады ўрач перажывае за кожнага пацыента, дае характарыстыку Лаліце Шкулавай галоўны ўрач райбальніцы Святлана Лінкевіч, яна ўважлівая, кампетэнтная, пастаянна самаўдасканальваецца. Не выпадкова з нядаўняга часу маладога спецыяліста прызначылі раённым тэрапеўтам, у яе зоне адказнасці – дзевяць медыцынскіх участкаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *