Победителями профсоюзного соревнования за июль стали животноводы ОАО «Лежни»

Общество Сельское хозяйство

«Прыемна, калі дзякуюць за працу»

Райкам прафсаюза работнікаў АПК і спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама падвялі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за ліпень.

Сярод аператараў машыннага даення раёна ў лідары выйшла Святлана Аўчыннікава, якая працуе на ферме Крывое Сяло‑1 ААТ «Ляжні». Надой на карову ў яе групе склаў 414 кілаграмаў, валавы надой – 21,1 тону. Святлана доіць кароў амаль трыццаць гадоў. Гэтая работа была ёй знаёма з дзяцінства, бо маці працавала на ферме Любічы. Хаця ў жывёлагадоўлю Святлана прыйшла не адразу: працавала на «Чырвоным Кастрычніку» ў Віцебску, потым у швейным цэху ў Крывым Сяле (тут у 90‑ыя гады шылі футры). А калі цэх закрылі, пайшла на ферму. І ўжо не першы раз выходзіць пераможцам прафсаюзных спаборніцтваў. Старанна даглядае і доіць 58 кароў сваёй групы, выпойвае цялятак малаком, раздае ім камбікорм, налівае ваду. Лічыць, што галоўнае ў рабоце аператара машыннага даення – гэта стараннасць і ўважлівасць.

Ад Святланы Аўчыннікавай і іншых даярак гаспадаркі цяляты, якія дасягнуць 50‑кілаграмовай вагі, адпраўляюцца на дарошчванне на ферму ў Ляжні. Тут іх прымае аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Аляксандр Карпаў. Ён таксама па выніках ліпеня ўпершыню выйшаў пераможцам раённых прафсаюзных спаборніцтваў.

Сярэднясутачныя прывагі ў ягонай групе цялят склалі 862 грамы. Аляксандр Карпаў рупіцца на ляжнёўскай ферме больш за дзесяць гадоў (раней працаваў жывёлаводам на ферме Цэнтр‑1 УП «Шумілінскі райаграсэрвіс»). Даглядае 104 цяляці на дарошчванні, на кані два разы на дзень развозіць і раскідвае ім па чатыры вазы “зялёнкі” (зімой – сенажу), прыбірае і чысціць у цялятніку. У ягоных напарніках – жонка Таццяна, разам з якой работа ладзіцца, бо абодва старанныя і любяць жывёлу. «Прыемна, калі дзякуюць за працу, – адзначыў жывёлавод. – Ад ухвальных слоў хочацца працаваць яшчэ лепш». А іх не шкадавала падчас віншаванняў Аляксандра Карпава і Святланы Аўчыннікавай старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна ўручыла лідарам жывёлагадоўчай галіны дыпломы і падарункі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *