18 мая в Шумилино прошёл праздник улицы Ленинской

Актуалии Край шумілінскі Общество

Гучалі званы, гучала слова – на вуліцы Ленінскай
Вуліца Ленінская. Сёння па-ранейшаму гэта адна з галоўных вуліц Шуміліна. 18 мая яна была ў цэнтры ўвагі жыхароў і гасцей горада – тут ладзілася свята.
Якія падставы для свята? Іх нямала, і ўсе яны важкія. Па-першае, пачатак будаўніцтва храма на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Луначарскага. Па-другое, у краіне аб’яўлены Год кнігі, і з гэтай нагоды раённая бібліятэка, размешчаная на Ленінскай, прэзентуе сваім чытачам шэраг цікавых мерапрыемстваў. А яшчэ – урачысты прыём у піянеры ля фантана на Ленінскай, 80-гадовы юбілей газеты “Герой працы” (а рэдакцыя газеты таксама на Ленінскай) і многае іншае, што стала складаемымі багатага сцэнарыя свята “Разам – на Ленінскай!”

Выступает председатель Витебского обласного Совета депутатов А. Е. Атясов

Удзел у святочных мерапрыемствах на вуліцы Ленінскай прынялі: старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, старшыня райвыканкама У. П. Куранны, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, начальнік  упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А. І. Кліцуноў,  намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы А. М. Гуцуляк,  намеснік начальніка аддзела па рабоце органаў  мясцовага кіравання і самакіравання ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама А. П. Бруцкі.

На улице Ленинской

18 мая. 9 гадзін раніцы. На вуліцы плюс 12.
Паўночны вецер прымушае прахожых шчыльней зашпільваць пінжакі. На вуліцы Ленінскай ля фантана электрыкі манціруюць разеткі, работнікі камунгасу нацягваюць расцяжку “Разам – на Ленінскай!”. Хвалююцца арганізатары свята вуліцы Ленінскай. Да слёз занепакоена і галоўны рэжысёр свята Людміла Дарзнек: а раптам дождж? Як будуць дзеці ўступаць у піянеры? Ці прыйдуць на свята людзі? Што будзе з выставамі? Дзе, як…?
12 гадзін дня. Паветра пацяплела на 2 градусы. Камунальнікі адпампоўваюць лужыны з вуліцы Ленінскай. Ад Цэнтра дзяцей і моладзі да ўнівермага разгортваюцца выставы. Але святочнага настрою яшчэ не адчуваецца.
15 гадзін. У паветры  ўжо плюс 17. Неба праяснілася ад хмар, на вуліцу Ленінскую зазірнула сонейка, падзівілася: што тут? Відаць, спадабалася, і яно засталося ў Шуміліне ажно да скону дня, бласлаўляючы сваімі промнямі шэсце праваслаўных вернікаў, закладку каменю пад будаўніцтва новага храма і ўсё свята “Разам на Ленінскай!”
Пасля заціхаючай мелодыі званоў на імпра-візаванай сцэне ля фантана дзеці абвяшчаюць: “Ленинская улица! Слушай наши вести. Праздник начинаем – «Мы – вместе!»
На сцэну выходзіць старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч адзначае, што райвыкакамам прынята рашэнне штогод добраўпарадкоўваць па тры вуліцы райцэнтра, што ў гэтым годзе вуліца Ленінская стала першай, але той выгляд, які сёння мае вуліца, яшчэ далёкі ад таго, што заслугоўвае вуліца па сваім статусе. Кіраўнік раёна дзякуе ўсім руплівым гаспадарам вуліцы за парадак на сваіх падворках і тэрыторыях.
Асаблівай тэмай у выступленні гучыць тэма кнігі, бо сёлетні год Прэзідэнтам краіны аб’яўлены Годам кнігі. У сувязі з гэтым старшыня райвыканкама ўручае дырэктару раённай бібліятэкі І. Л. Каралёвай сертыфікат на набыццё кніг і перыёдыкі на суму звыш 330 мільёнаў рублёў.

Подарок от библиотеки самому активному читателю

З нагоды 80-годдзя газеты “Герой працы” У. П. Куранны віншуе калектыў рэдакцыі газеты, ветэранаў друку, няштатных карэспандэнтаў, дзякуе за прафесіяналізм, жадае новых поспехаў і ўручае галоўнаму рэдактару газеты А. І. Пятровай вітальны адрас райвыканкама.
На сцэне вядучыя праграмы Андрэй Пахамовіч і Ірына Салаўёва. Яны расказваюць пра гісторыю вуліцы. 20-ыя, кровапралітныя саракавыя. І сёння сталым жыхарам Шуміліна памятныя дні вызвалення, у вачах карціна руін і пажарышчаў. Ветэранам Вялікай Айчыннай, вязням фашысцкіх лагераў, якія жывуць на Ленінскай, – паклон і кветкі.
А экскурс у пасляваенны час вуліцы працягвае дырэктар раённага архіва В. П. Кобзун. Валянціна Пятроўна расказвае, што было на месцы аўтавакзала, універмага, школы… Галоўная вуліца пасёлка хутка адраджалася, тут праходзілі мітынгі, святочныя дэманстрацыі, тут урачыста прымалі дзяцей у піянеры.
Добрыя традыцыі трэба шанаваць. І вось усхваляваныя чацвёртакласнікі СШ №1, беражліва трымаючы чырвона-зялёныя гальштукі, выходзяць на авансцэну. І, як іх бабулі і дзядулі, даюць клятву на вернасць сябрам і Радзіме.
Гальштукі ім павязваюць былыя актывісты піянерскага і камсамольскага руху М. А. Кавалёва, Р. І. Шах, П. У. Спірыдонаў, Л. В. Шаўцова.
Кранальны момант прыёму ў піянеры нікога не пакідае абыякавым. Усе, хто сядзіць на лавачках, устаюць, выказваючы сваю павагу і шанаванне.
А свята працягвае новы блок, прысвечаны 80-гадоваму юбілею газеты ”Герой працы”. Да газеты прыехалі шаноўныя госці: старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А. І. Кліцуноў і яго намеснік А. М. Гуцуляк, намеснік начальніка аддзела па рабоце органаў  мясцовага кіравання і самакіравання ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама, былы галоўны рэдактар “Герой працы” А. П. Бруцкі.
Высока ацэньвае работу калектыву рэдакцыі А. Я. Ацясаў. За падтрымку дзяржаўнай палітыкі, шматграннае асвятленне дзейнасці абласных і раённых органаў мясцовага кіравання і самакіравання, усебаковае інфармаванне насельніцтва аб вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем калектыў рэдакцыі ўзнагароджваецца Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў.
Калектыў рэдакцыі багацее і на Ганаровую грамату ўпраўлення ідэалагічнай работы, якую ўручае А. І. Кліцуноў. Аляксандр Іванавіч называе газету “Герой працы” ў ліку стабільна лідзіруючых у вобласці. Яго падтрымлівае і А. М. Гуцуляк. Анатоль Мікалаевіч у падарунак рэдакцыі перадае кнігу “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны”. Прызнанне і пашана радуюць не толькі сённяшні калектыў раёнкі, але і ветэранаў друку. Яны тут, на свяце, ад імя іх роднай рэдакцыі – ім кветкі і квартальная падпіска на “Герой працы”.
У журналістыцы, як і ў любой іншай справе, павінна быць пераемнасць. І вось ужо былы рэдактар “Герой працы” Анатоль Бруцкі ўручае білеты няштатных карэспандэнтаў маладым памочнікам газеты студэнткам Варвары Езавітавай і Анастасіі Новікавай.
Але ж акрамя рэдакцыі раённай газеты на Ленінскай шмат іншых паважаных устаноў. Кожнай з іх удзяляюць увагу, адзначаюць заслугі.
Асаблівы гонар на свяце – дбайным гаспадарам. Намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў падводзіць вынікі аглядаў-конкурсаў “Установа ўзорнага парадку” і “Дом узорнага парадку” на вуліцы Ленінскай. Установай узорнага парадку на Ленінскай называе цэнтральную раённую бібліятэку. Алег Пятровіч уручае дырэктару бібліятэкі І. Л. Каралёвай дыплом, а падарунак і кветкі ўручае спонсар агляду-конкурсу – гаспадыня магазіна “Эдэльвейс” Я. П. Васілеўская.
Званне “Дом узорнага парадку” атрымліваюць дамы Цітовых, Мацуганавых і Тхоравых. Гаспадарам таксама ўручаюцца дыпломы райвыканкама і падарункі ад спонсараў – “Беларусбанка” і ГА “Белая Русь”. Заахвочвальныя прызы ўручаюць таксама жыхаркам шматкватэрных дамоў Т. Э.  Дамарацкай і Л. У. Журавай, якія з году ў год упрыгожваюць родную вуліцу кветкамі.
Заключным акордам урачыстасцей на Ленінскай гучыць песня “Белая Русь” у выкананні Ларысы Дземідовіч. Шэсць год таму, арганізуючы першае масавае свята газеты “Мы – разам!”, рэдакцыя газеты абрала гэтую песню гімнам, і кожны май яна ўзлятае над Шумілінам як прызнанне ў любві да роднага краю, да роднай Беларусі, якую ўсе мы хочам бачыць чыстай светлай і шчаслівай.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 22.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *