Интервью с начальником ДРСУ-204 Владимиром Романовым о работе дорожной службы

Главное Новости Общество Экономика

«Усе дарогі важныя і значныя»

29 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі дарожнай службы. Гэта ім удзячны вадзіцелі, што аўтамабілі коцяцца па роўнай дарозе, што ў райцэнтры зроблены тратуары. Пра здабыткі прадпрыемства і планы мы гутарым з кіраўніком галоўнай раённай дарожнай службы – начальнікам ДРБУ‑204 Уладзімірам Раманавым.

– Уладзімір Пятровіч, з якім настроем калектыў падыходзіць да прафесійнага свята?

– З добрым, бо ўсе прагнозныя паказчыкі выканалі. Спрацавалі рэнтабельна – рост выручкі за дзевяць месяцаў у параўнанні з мінулым годам склаў 130%. Задаволены работай калектыву, у якім кожны з 45-ці чалавек добрасумленна выконвае свае абавязкі. Асаблівасць нашага калектыву – вопыт. Так, некаторыя дарожнікі працуюць больш як па трыццаць гадоў.

– Колькі дарог сёлета адрамантавана па раёне?

– За студзень-верасень зроблены бягучы рамонт 13,5 км аўтамабільных дарог (8,5 км з іх умацаваны гранітным шчэбенем), на што патрацілі каля двух мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, зрабілі 5800 метраў квадратных ямачнага рамонту, прагрэйдзіравалі 780 км гравійных і грунтавых дарог, скасілі абочын працягласцю 1450 км, выдалілі баршчэўніка на 0,3 га. Наша галоўная задача – правядзенне комплексу дарожна-будаўнічых работ па забеспячэнні бяспечнага і бесперабойнага руху па дарогах мясцовага значэння, якіх абслугоўваем 670 км. Для нас усе дарогі важныя і значныя.

– Што было зроблена па рэканструкцыі мастоў?

– На пад’ездзе да вёскі Сосніна зрабілі рэканструкцыю моста, які быў у аварыйным стане. Паклалі водапрапускную трубу, заасфальтавалі, умацавалі ўхілы. На рэканструкцыю, якой займаліся тры месяцы, пайшло 325 тысяч рублёў.

– Добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый – гэта таксама клопат дарожнікаў?

– Канешне. Сёлета асфальтавалі дваровыя тэрыторыі на вуліцах 70 год БССР, Сіпко, Юбілейная, 40 год Кастрычніка. У гэтым годзе асфальтавалі дарогі па вуліцах райцэнтра – Луначарскага, С. Пальвінскай (ля «Санты»), Лескавіцкай, Маладзёжнай, Кароткіна, Светласельскай, тратуар на вуліцы Сіпко. Усяго заасфальтавалі 9 тысяч метраў квадратных, на што пайшло 400 тысяч рублёў (грошы раённага і абласнога бюджэта).

– Шумілінскія дарожнікі працуюць толькі на тэрыторыі раёна?

– Мы не абмяжоўваемся толькі шумілінскімі дарогамі, складаем канкурэнцыю іншым дарожным арганізацыям вобласці. Зараз, напрыклад, наша брыгада працуе на бягучым рамонце дваровай тэрыторыі па вуліцы Свярдлова ў Полацку.

– Якія планы ў прадпрыемства на бліжэйшы час?

– Сёлета плануем зрабіць бягучы рамонт яшчэ на трох кіламетрах дарог. Да канца года выйдзем на 16,5 кіламетра, што будзе на 2 км больш, чым летась. У самы бліжэйшы час распачнём рэканструкцыю моста праз рэчку Обаль. А на наступны год падрыхтаваны праект рэканструкцыі моста ў Грышанах праз раку Заронаўка.

– Што хочацца пажадаць калектыву з нагоды прафесійнага свята?

– Ад імя адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта перш за ўсё хочацца падзякаваць калектыву і ветэранам працы за работу, за адданасць справе. Усім жадаю моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях, аптымізму і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *