СЛУЖБА 102: ТЫДЗЕНЬ У ЛІЧБАХ І ФАКТАХ

Происшествия

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Трансфарматары
Работнікі Раёна электрычных сетак паведамілі ў міліцыю, што з трансфарматара ў Добрыне невядомыя злодзеі ўкралі 180 кілаграмаў тэхнічнага масла. Праз некалькі дзён пра такі ж крадзеж паведамілі з Язвіна – там з трансфарматара злілі 100 літраў тэхнічнага масла. Па дадзеных фактах праводзіцца праверка.

Перфаратар
Жыхар аг. Светласельскі паведаміў у міліцыю, што з альтанкі ля ягонага дома прапалі музычная калонка, шліфавальная машынка, перфаратар, ручная цыркулярная піла. Урон ацэнены больш як на 900 рублёў. Супрацоўнікі РАУС знайшлі злодзея, жыхара райцэнтра. Частка ўкрадзенага знойдзена і вернута гаспадару. А ліхадзей змеш-чаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Максімальнае пакаранне, што пагражае за крадзеж, – пазбаўленне волі да трох гадоў.

Грошы
У жыхара в. Сахоненкі прапала банкаўская картка, пра што ён і паведаміў у міліцыю. Супрацоўнікі РАУС пачалі высвятляць, з кім пацярпелы меў зносіны ў апошні час. У гэтым спісе была раней судзімая жыхарка Добрына, якая, як потым высветлілася, і ўзяла незаўважна ў мужчыны картку. Ёю разлічылася ў мікіціхінскім магазіне і аўтазаправачнай станцыі. Набрала тавару амаль на сто рублёў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Лось
Жыхар Наваполацка, які ехаў на асабістым аўтамабілі «Рэно-Меган» па аўтадарозе Р-20 (ля Полацкага раёна) у бок Віцебска, не паспеў затармазіць, калі на дарогу выйшаў лось. У выніку адбылося ДТЗ. Вадзіцель з траўмамі дастаўлены ў райбальніцу, жывёла загінула на месцы. Аўто патрабуецца рамонт. Падрабязнасці здарэння высвят-яюцца.

Абгон
На аўтадарозе Р-20 (ля в. Мазекі) адбылося дарожна-транспартнае здарэн-не. Вадзіцель г. Полацка, які ехаў у бок абласнога цэнтра на «Фальксвагене», не ўлічыў складаных умоў надвор’я (дарога была слізкай). У выніку аўтамабіль пачало заносіць, вадзіцель не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з аўтамабілем «Хундай», які рухаўся ў сустрэчным накірунку. На палачаніна складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф ад 5 да 20 БВ з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі тэрмінам на два гады або без пазбаўлення.

Зачапіліся
На аўтадарозе ля в. Мясаедава ў сустрэчным накірунку ехалі жыхар Віцебска на «Газелі» (у бок Улы) і жыхар Мінска на «Фордзе» (у бок Мікіціхі). Вадзіцелі не разлічылі, што інтэрвал паміж машынамі невялікі, і пры раз’ездзе зачапіліся бакавымі люстэркамі. Яны ў абодвух аўтамабілях пашкоджаны. Вадзіцелі выклікалі супрацоўнікаў ДАІ, але ў выніку вырашылі разабрацца самастойна і склалі еўрапратакол.

Хуткасць
Жыхар Віцебска, які ехаў на «Аўдзі», перавысіў на аўтадарозе Р-20 устаноўленую хуткасць руху на 35 кіламетраў у гадзіну. Парушальніку пагражае штраф да 3 базавых велічынь.

Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *