Пьяные родители – несчастные дети

Общество

Корань зла – на дне бацькоўскай чаркі
У рамках  акцыі “Сям’я без насілля” тыдзень таму адбыліся рэйды па неблаганадзейных сем’ях. Карэспандэнт раённай газеты разам з дырэктарам раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. В. Бельчыкавай і старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. У. Пушкаровым пабывалі ў дзевяці сем’ях, якія пражываюць на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета і ў дзвюх шумілінскіх сем’ях.
У адной сям’і з райцэнтра ўжо ў другі раз забралі дзяцей у сацыяльны прытулак. Спецыялісты аддзела адукацыі, выхавальнікі прытулку ўсё больш прыходзяць да высновы, што вяртаць дзяцей ў біялагічную сям’ю нельга. Бацькі п’юць, рамонт у кватэры так і не зрабілі, для дзяцей не створаны належныя ўмовы. А вось у другой сям’і з Шуміліна бацькі, калі дазналіся, што могуць увогуле не ўбачыць дзяцей, то адразу з’явілася ў іх жаданне працаваць, знайшлі і грошы на касметычны рамонт свайго жылля.
У аграгарадку Крывое Сяло склалася ўражанне, што існуе нейкая суполка неблаганадзейных сем’яў, галоўная задача якіх – папярэдзіць “сяброў па няшчасці” аб тым, што едзе камісія з раёна. Пакуль супрацоўнік РАУС складаў адміністрацыйны пратакол за пратэрмінаваны пашпарт (у наведаных сем’ях трапляліся і такія), дык вестка пра гасцей з раёна разляцелася па  ўсёй вёсцы. Так, адна з сямейных пар, кінуўшы ўсе справы, схапілі ў рукі вілы і рыдлёўкі – і на агарод. Імітавалі работу. Але супрацоўнік міліцыі аказаўся ўважлівым і ўбачыў 0,7 літра пладова-ягаднага віна, якія гаспадары паспешліва схавалі пад стол. Корак бутэлькі быў адкрыты.
Пасля знаёмства з сем’ямі ў Крывым Сяле, пасёлку Заводскім, Свярдлах, Полькавічах здзівіла абыякавасць бацькоў. Ствараецца ўражанне, што ім усё роўна, галоднае іх дзіця ці не, пазбавяць іх бацькоўскіх правоў ці  не.
Корань зла  – на дне бацькоўскай чаркі, упэўнены А. У. Пушкароў. І выхаванне  варта пачынаць з бацькоў. Толькі дзе знайсці такія школы і такіх выхавацеляў, якія б навучылі розуму дарослых?
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №44 ад  05.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *