Доска почёта Шумилинского района. Механизатор УП «Шумилинский райагросервис» Григорий Ковалёв

2023 – Год мира и созидания Общество Сельское хозяйство

«Тэхніка – гэта маё!»

Родам Рыгор Кавалёў з Гомельшчыны, але лічыць сваёй радзімай Шуміліншчыну.

У сувязі з Чарнобыльскай катастрофай бацькі пераехалі ў Мікіціху, Рыгор пайшоў у восьмы клас у Мазурынскую школу. Яшчэ будучы школьнікам, вырашыў: «Тэхніка – гэта маё!». У вучэбна-вытворчым камбінаце ў Шуміліне атрымаў правы трактарыста-машыніста. Уладкаваўся ў саўгас «Лаўжанскі» механізатарам. Падчас жніва быў памочнікам камбайнера ў перадавых на той час механізатараў Сяргея Гарбачова і Аляксандра Скрыпкіна, а потым і сам неаднойчы садзіўся за штурвал камбайна. Пасля тэрміновай ваеннай службы зноў вярнуўся ў саўгас.

Потым некалькі гадоў рупіўся ў Мікіціхінскім лясніцтве, але падчас вясенне-летняга прыпару яго адкамандзіроўвалі працаваць у «Шумілінскі райаграсэрвіс». «Пераходзь ты ўжо да нас на пастаяннае месца работы, – прапанавалі Рыгору Кавалёву мясцовыя механізатары. – Ты ж усё роўна на нашых палетках праводзіш амаль паўгода ». Прапанова была слушнай, як штуршок да но-вых працоўных вяршынь. І іх механізатару ўдалося дасягнуць.

Помніцца, яшчэ вясной начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Пушноў і старшыня райкама прафсаюзаў АПК Вольга Пусянкова віншавалі перадавіка Рыгора Кавалёва, які рупіцца на МТЗ з плугамі. Падчас уборкі траў і кукурузы Рыгор Кавалёў перасеў на кормаўборачны камбайн і таксама быў у перадавіках. Сёлета асабліва парадавала кукуруза, якая дасягнула двух метраў у вышыню за Крупчынам і якой за дзень на КЗРы ўбіраў да двухсот тон.

Некалькі тыдняў таму мы засталі Рыгора Кавалёва на падняцці зябліва ва ўрочышчы Слабада. «Спраўляюся з шасцю-сямю гектарамі за дзень, – расказаў механізатар. – У мяне ж чатырохкорпусныя плугі. МТЗ-1221, які атрымаў новенькім тры гады таму, працуе добра. Ведаю сваю тэхніку, яе вартасці вельмі добра».

Зараз, калі на палетках зацішша, у механізатара ёсць вольны час, яго прысвячае сям’і, дамашняй гаспадарцы, бытавым клопатам. Трэба падрамантаваць уласны мотаблок, закончыць афармленне дакументаў на электраацяпленне дома, нарыхтаваць дроў для лазні.

Зімой Рыгор Кавалёў будзе рупіцца на фермах гаспадаркі, адвозіць арганіку на палеткі і чакаць чарговай вясны.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *