Животноводческий комплекс «Добринский подводит итоги работы за год

Новости Сельское хозяйство

За дзевяць месяцаў – цэнтнер

Жывёлагадоўчы комплекс СУП «Добрынскі» падводзіць вынікі работы

Калі рэдакцыйная легкавушка пад’ехала да дарогі, якая напра-мую вядзе да жывёлагадоўчых аб’ектаў СУП «Добрынскае», на сваім шляху ўбачыла перашкоду – шлагбаум. Гэта значыць, уезд забаронены. Вартаўнік, што выйшаў насустрач, пацвердзіў: зайсці на тэрыторыю можна толькі з дазволу ветстанцыі. Вось так строга тут прытрымліваюцца санітарных нормаў.

«Такая перасцярога звязана з тым, што ў суседніх краінах былі ўспышкі афрыканскай чумы свіней, – зазначыла начальнік комплексу Ганна Шацько, якая выйшла да нас за тэрыторыю прадпрыемства. – Нашы работнікі ў абавязковым парадку праходзяць праз душ, пераапранаюцца і толькі пасля гэтага прыступаюць да работы. Захаванне санітарных нормаў – задача першачарговая. Дзякуючы гэтаму комплекс працуе без збояў». Скажам нават больш – працуе добра. Дваіх спецыялістаў сельгаспрадпрыемства сёлета ўзнагародзілі на абласных «Дажынках» у Віцебску.

Зараз у Добрыне знаходзіцца 7489 свіней розных узростаў, гэта на 1386 больш, чым у мінулым годзе. Усе хлеўчукі запоўнены. Вытворчы працэс вырошчвання свіней падзелены на некалькі этапаў, кожнаму з якіх адпавядае канкрэтны ўзрост жывёлы.

Так, супаросных свінаматак, якіх зараз каля паўтысячы, даглядае аператар Святлана Кускова. За тыдзень да апаросу жывёлу пераводзяць у другую групу. Прымаюць апаросы, даглядаюць нованароджаных Юлія Вялічка, Маргарыта Васілеўская, Ларыса Івашкевіч. З першых дзён нараджэння яны прывучаюць парасят да камбікорму. У сярэднім свінаматка прыносіць за адзін прыплод па 9-10 парасят. Але бываюць і рэкардсменкі, якія радуюць 20 парасятамі. Не менш адказная работа ў групе дарошчвання, дзе працуе аператар Ларыса Цыбульская (у групе зараз больш за тысячу свіней, якім па 2-4 месяцы).

Адсюль жывёла трапляе на адкорм да мужчын-аператараў Віталя Волкава, Ігара Дзмухоўскага, Генадзя Красоўскага, дзе гадуецца да дзевяці месяцаў і набірае вагу да ста кілаграмаў.

На прадпрыемстве многа ручной працы, так, корм па-ранейшаму развозяць на цялежках. Усяго на комплексе працуе больш за трыццаць чалавек з Добрына, Шуміліна, Пабеды, Мікіціхі, у тым ліку 12 аператараў. Патрабуюцца ветурач, электрык і бухгалтар.

«Паколькі мы ўваходзім у структуру Полацкага аграхолдынгу, нам для розных узростаў жывёлы прадастаўляюць патрэбныя камбікармы, якімі і кормім жывёлу, – расказала Ганна Шацько. – За месяц жывёла з’ядае каля трохсот тон корму. У гэтым годзе па продажы свініны мы плюсуем, чым і можам пахваліцца. Сёлета на мясакамбінаты вобласці здалі 3626 галоў свіней, што на 898 больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года».

Ва ўсіх групах, дзе знаходзіцца жывёла, перыядычна праводзіцца бягучы рамонт. У планах на будучае – адрамантаваць дарогу да вытворчых памяшканняў.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *