Воспоминаниями о Шумилино 50-х делится Т. И. Савченко

Актуалии

Демонстрация 7 ноября в Шумилино. фото конца-50-х - начала 60-х годов ХХ века

Былі вялікія чэргі, каб купіць запаветную буханку
Кожны мае права на слова, права падзяліцца ўспамінамі аб тым, што было, напрыклад, пяцьдзесят гадоў назад. І нават прымаючы да ўвагі, што ўспаміны — рэч суб’ектыўная і  выбарачная. Вось і даўняя чытачка газеты “Герой працы”  Т. І. Саўчанка, былы грамадскі карэспандэнт, прачытаўшы ў газеце ўрыўкі  з гісторыі вуліцы Ле-нінскай у Шуміліне,  вырашыла падзяліцца сваімі  асабістымі ўспамінамі і тым, што засталося ў памяці ад расказаў маці.
Адзначым, што хата, дзе Т. І. Саўчанка з маці і бацькам (бацька працаваў намеснікам старшыні Сіроцінскага райвыканкама) жыла да вайны,  месцілася насупраць будынка аптэкі, якраз на тым месцы, дзе зараз узводзіцца царква.  У 1955 годзе яна закончыла сярэднюю школу ў Шуміліне, і было ёй тады 18 гадоў. Так што ёй ёсць што дадаць да той інфармацыі, якую змясціла раённая газета ў нумары за 15 мая г. г. Так, Старасельскія жылі  па вуліцы Ле-нінскай, больш таго Т. І. Саўчанка помніць, што ў сям’і былі двое дзяцей — Сямён і Давыд (Додзік), з адным  яна разам хадзіла ў школу. У 60-х дом купілі ў Старасельскіх Калковы, ён туліўся сваім “плячом” да кафэ “Блюз”. Зараз дом знеслі. На перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Луначарскага, побач з  аптэкай, была гасцініца, недзе да 70-х гадоў. Затым будынак перадалі пад жыллё. І гэтай хаты няма, таксама знеслі. Дык вось паміж гэтымі хатамі  цягнуўся барак, дзе жылі дзве сям’і, а адзін цесны  пакойчык адвялі пад магазін, у якім прадаваўся хлеб. Хлеба тады на ўсіх не хапала, стаялі за ім вечныя чэргі, і людзі станавіліся за ім з вечара, каб раніцой купіць запаветную буханку. А начавалі  пад навесам (можа, гэта была тэраса) ў Паранеўскіх ці Пранеўскіх — Т. І. Саўчанка не помніць, а хата стаяла насупраць, дзе сёння ўнівермаг. Тым не менш і пераначаваўшы, не кожны мог займець хлеб.
Затое шумілінцы заўсёды маглі купіць скібку хлеба. Да чаю ці проста каб занесці дзецям. Прадаваўся такі хлеб пад навесамі, дзе гандлявалі ад каапшвейніка і кашулямі, і кофтамі — усім, што выраблялі тадышнія бытавікі. Працавала і фатаграфія (фатографам быў Выдрэвіч). Дырэктарам  жа каапшвейніка быў Масарскі. Навес доўжыўся ад будынка сённяшняга магазіна “Ганна” да хаты Веры Іванаўны Лапо (хата стаяла на месцы фантана). Гэта была інтэлігентная жанчына, начытаная і разважлівая. Працавала бухгалтарам ці то ў дзяржстраху ці ў рана. Жыла з дачкой Алай, а пасля ўзяла на выхаванне дзяўчынку-сірату Любку  (пазней — настаўніцу Любоў Кузьмінічну Крывенка).
Побач, недзе на месцы, дзе стаіць жылы двухпавярховы дом,    быў будынак райсаюза — такі карычневы будынак. Даваенным старшынёй райсаюза (сёння  — райспажыўтаварыства) працаваў Піліп Кандратавіч Мядзвецкі. Пасля вайны яго змяніў на пасадзе Іван Міхайлавіч Міхайлаў. Бацька Т. І. Саўчанка  Іван Васільевіч быў у сяброўскіх адносінах з П. К. Мядзвецкім.
Помніць Т. І. Саўчанка весельчака-гарманіста Івана Дарафеевіча Кавалёва. Ягоная хата месцілася паміж двума двухпавярховымі дамамі №№ 26 і  30 па вуліцы Ленінскай.  А затым хатку знеслі і паставілі на гэтым месцы шматкватэрны жылы дом. Казалі, яшчэ кусты бэзу засталіся ад Кавалёва…
Не магла не ўспомніць Т. І. Саўчанка пра дом М. А. Кароткінай (недалёка ад СШ № 1), які выкупіла сям’я Цітовых. Дом і ў 60-х-70-х выглядаў вельмі самавіта і гожа.  Ён вылучаўся сваёй дагледжанасцю. Справа ў тым, што пасля гібелі камандзіра партызанскай брыгады С. М. Кароткіна сям’я  атрымала дзяржаўнае жыл-лё, як і  яшчэ аднаго славутага земляка А. У. Сіпко, які жыў з сям’ёй (памёр у 1953 годзе) далей па Ленінскай. Доўгую хату старшыні райвыканкама Сіпко абступалі знадворку літарай “П” хлявы.  Бліжэй да чыгункі стаяў райзаг са сваімі складскімі памяшканнямі (яны і зараз служаць для захоўвання гародніны, па вуліцы Безымяннай). Сюды  звозілі рыззё, пукі сухой лазовай кары,  іншыя не менш хадавыя тады нарыхтоўкі.
У памяці Т. І. Саўчанка прыбудоўка, дзе жыла сям’я Міхеевых (зараз  сталовая СШ № 1). Тут  вісела вялікая радыёталерка, з якой заўсёды лілася музыка, гучалі навіны. У дзень смерці Сталіна сюды прыйшлі амаль усе шумілінцы паслухаць радыё.
У Шуміліне быў так званы чапок — маленькая крама, у якой прадавалі пераважна гарэлку. Былі, вядома, у продажы і цукеркі,  але яны былі не заўсёды, затое гарэлка  не выводзілася. У крамы была дзіўная назва — “Блакітны Дунай”. Хто прыдумаў і чаму Дунай — цяжка сказаць. Адно помніць Т. І. Саўчанка: працавала ў чапку Віктарына Градоўкіна. Стаяў жа  чапок на рагу вуліцы Ленінскай і Сіпко, якраз дзе зараз гожы будынак раённай пракуратуры. Быў па Ленінскай і шыкоўны па тым часе прадуктовы магазін (кафэ “Бістро” і магазін “Агародніна і садавіна” падзялілі сценкай пазней). У магазіне было двое дзвярэй, прычым у адны, ад “Бістро”, людзі заходзілі, з “Агародніны” выходзілі з пакункамі…
Успаміны запісаў
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №44 ад  05.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *