Как будут отдыхать шумилинские школьники на зимних каникулах

Новости Образование

Адпачынак з мастацкім ухілам

З 24 снежня ва ўсіх школах краіны пачынаюцца зімовыя канікулы,  якія працягнуцца да 7 студзеня ўключна.

Як расказалі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, зімовыя канікулы пройдуць надзвычай цікава. Дзяцей чакаюць разнастайныя навагоднія мерапрыемствы, экскурсіі, гурткі, спаборніцтвы. Ва ўсіх 9 школах раёна будуць працаваць аздараўленчыя лагеры, у якіх змогуць адпачыць больш за 300 вучняў. З улікам навагодніх святаў шасцідзённая змена ў лагеры атрымліваецца разрыўная: з 26 па 29 снежня і з 3 па 5 студзеня. Бацькоўская плата складае 9 рублёў.

У час зімовых канікул выхаваўчыя мерапрыемствы будуць праходзіць пераважна па двух напрамках: грамадска-патрыятычным і эстэтычна-мастацкім. У апошні дзень, 5 студзеня, будзе праведзены адзіны тэматычны дзень «Ай, Калядачкі, бліны-аладачкі!». У гэты дзень мерапрыемствы будуць ладзіцца на падставе народных традыцый, каб пазнаёміць дзяцей са святочнымі абрадамі, разнастайнымі асаблівасцямі беларускай нацыянальнай культуры: адзеннем, кухняй, гульнямі, песнямі і музыкай.

Падчас канікул з дзецьмі будуць працаваць педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, устаноў адукацыі. Вучням школ будуць прапанаваныя розныя майстар-класы, майстэрні па вырабе навагодніх сувеніраў, паштовак, цацак і інш.

Запланаваныя экскурсіі ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей і яго Обальскі філіял, наведванне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. А ў студзені плануецца наведванне спектакля «Агнявы лес» Віцебскага драмтэатра імя Якуба Коласа.

Акрамя школьных лагераў, навучэнцы Шумілінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву змогуць адпачыць у спартыўных лагерах у Шуміліне (44 вучні) і Обалі (14 вучняў). У гэтых лагерах адпачынак будзе спалучацца з трэніроўкамі і спаборніцтвамі.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *