Шампанское, копчености и всё для оливье. Предновогодний рейд редакции по маршруту автолавки

Новости Общество Экономика

Шампанскае, вэнджаніна і ўсё для аліўе

Карэспандэнт раённай газеты адправілася па маршруце аўталаўкі, каб ацаніць пераднавагодні асартымент тавараў.

«На тэрыторыі раёна працуюць чатыры аўтамагазіны Бешанковіцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, – расказала вядучы таваразнаўца Наталля Мартынчук. – Кожны дзень яны накіроўваюцца па вызначаных маршрутах, усяго абслугоўваюць 147 населеных пунктаў».

Едзем па маршруце Шуміліна-Роўнае. За рулём аўтамагазіна Бешанковіцкага філіяла аблспажыўтаварыства  вадзіцель Віктар Шмарын, побач – прадавец Таццяна Халсціннікава. На гэтай пасадзе яна сем гадоў і добра ведае густы пакупнікоў: якой тлустасці ўзяць малако і тварог, каўбасу якіх гатункаў, у якіх вёсках любяць цукеркі.

Першы прыпынак – вуліца Зарэчная ў Сіроціне. У вёсцы ёсць магазін, але на аддаленую вуліцу па дамоўленасці заязджае аўталаўка, бо тут жыве некалькі чалавек сталага ўзросту. Да аўталаўкі падыходзіць Рыта Лапавухава, купляе хлеб, малако і набор для халадца. «Смаката да навагодняга стала не цікавіць, свята не адзначаю, бо ў гэты дзень памёр блізкі чалавек, – кажа Рыта Анікееўна. – А аўталаўка прывозіць усё неабходнае, дзякуй дзяржаве пра клопат пра нас».

Мы тым часам разгледзелі, што прывезла аўталаўка. Самы багаты асартымент – каўбасных вырабаў. Вараных гатункаў налічылі восем, вэнджаных – пяць. Ёсць мясныя рулеты, варана-вэнджаная ялавічына, замарожаныя куры. З малочных прадуктаў – малако, кефір, смятана, ёгурты, сыркі, сыр. Ёсць кансерваваная кукуруза, крабавыя палачкі, шпроты і іншыя кансервы. З садавіны – капуста, цыбуля і агуркі. Забягаючы наперад, ска-жам, што ў наступных вёсках пакупнікі заўважаць, што 6,43 рубля за свежыя агуркі перад Новым годам – прымальная цана.Толькі вадзіцель пачаў рух у наступную вёску, як патэлефанавала жанчына з Цеаліна і пацікавілася, ці вязе аўталаўка заказаны тавар.

– Выязджаем з Сіроціна, хутка будзем у вас, падыходзьце да прыпыначнага пункта, – адказала Таццяна Халсціннікава.

У Цеаліне чакаюць два пакупнікі. Акрамя малочных і хлебабулачных вырабаў, бяруць свежамарожаную скумбрыю, селядзец “маціас”, “ікрынку” для бутэрбродаў, халву і цукеркі «бананавы брыз». Дарэчы, цукерак у аўталаўцы багаты выбар. Былі і невялікія салодкія навагоднія падарункі.

– Можа, торцік “казка” жадаеце? – прапаноўвае прадавец. – Ці марожанае?
– Не, дзякуй, холадна для марожанага, а торт і самі можам спячы, – адказвалі жанчыны.

На наступным прыпынку, у пачатку Мішневіч, аўталаўку чакае Таццяна Кліменцьева. Купляе курыны фарш, хлеб і яйкі.

– А што набудзеце да навагодняга стала? – пытаюся ў жанчыны.
– У наступны раз вазьму селядзец для салаты “пад шубай”. Люблю і аліўе: куплю гарошак, маянэз, каўбасу. А яшчэ мандарыны.

З усіх пералічаных прадуктаў аўтамагазін не прывёз толькі мандарыны, бо “іх не было на базе”. Хаця дзіўна – гэта ж самы жаданы тавар у свята. Адсутнічалі і свежыя памідоры.

У вёсцы Жданоўка чакалі пакупнікі. Яны загадзя пат-элефанавалі прадаўцу: «Дарога расчышчана, не забуксуеце». У вёсцы адна вуліца, але расцягнутая, таму аўтамагазін робіць два прыпынкі. Зноў жа, пакупнікоў небагата – два-тры чалавекі.

– Дзякуем нашай Дзмітрыеўне за ўвагу і клопат, за культуру абслугоўвання, – ад імя вяскоўцаў кажа Зоя Прышчэпава. – Усё, што нам неабходна, ад прадуктаў да флікера, ёсць у аўталаўцы.
– Я прыехала з Віцебска, даглядаю маці, – падзялілася Кацярына Лапавухава. – Разумею, што аўталаўка – гэта не «Полацкі рынак» і не супермаркет. Зноў жа, прадавец вязе тое, што ёсць на базе. У летні сезон, напрыклад, былі перабоі з воцатам. А цяпер вось і чырвоную рыбу прывезлі. У наступны раз, бліжэй да Новага года, куплю торт. Якое свята без торціка?

На другім прыпыначным пункце ў Жданоўцы да аўтамагазіна падышлі двое мужчын. На прапанову прадаўца купіць шампанскае яны пакруцілі галавой і сказалі, што лепш “беленькай” нічога лепшага да свята няма. Ну, а для жонкі адзін з мужчын узяў яе любімы зефір. Навагодніх закупак пакуль не рабілі.

Да глыбіні душы ўразіла чалавечая чуласць – вадзіцель Віктар Шмарын заносіць у дом сталым прадукты. І так заўсёды – у дождж і галалёд, слоту і вецер. А прадавец Таццяна Халсціннікава ведае сваіх пакупнікоў па імені, прымае заказы і заяўкі па тэлефоне, заўсёды на сувязі.

Далей аўталаўка накіравалася ў вёскі Заобаль, Валатоўкі, Грабянцы, Запалянка і Роўнае, дзе пакупнікоў было таксама небагата. У гэты дзень вадзіцель Віктар Шмарын аб’ехаў дзевяць населеных пунктаў, зрабіў 15 прыпынкаў. Спідометр паказаў, што праехалі амаль 140 км.

Апошні рэйс аўталаўкі па маршруце Шуміліна-Роўнае ў гэтым годзе будзе 29 снежня. Цікавімся ў прадаўца Таццяны Халсціннікавай, ці думаюць пашырыць асартымент тавараў, усё ж самае любімае свята на носе. «А як жа! – адказала яна. – Калі мясных вырабаў хапае, то з фруктаў сёння толькі яблыкі. Спадзяемся, на базу паступяць мандарыны. Будзем браць і хурму, і ананасы, калі будуць.

Як кажуць, пакупнік выбірае вачыма. А яшчэ возьмем больш тартоў – да многіх прыедуць у госці дзеці і ўнукі, так што спатрэбіцца салодкі пачастунак. Як і сёння, будуць галубцы – іх таксама добра бяруць на святочны стол».

Ларыса ЗАЙЦАВА.

P.S. Учора мы ўдакладнілі, на якую садавіну-гародніну пабагацела аўталаўка ў пераднавагоднія дні. «Гандлюем ужо мандарынамі, лімонамі, ківі, хурмой, ананасамі і апельсінамі. Чакаем прывозу памідораў», – канстатавала Наталля Мартынчук.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *