Криминал. Происшествия

Происшествия

Лодка
У пенсіянера з Обалі з гаража прапала надзіманая лодка.  Аб гэтым пацярпелы паведаміў у міліцыю. Кошт двухмеснай лодкі з вёсламі быў ацэнены на 1,7 мільёна рублёў. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцу – ім аказаўся мясцовы жыхар. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Граната
Адзін з жыхароў Шуміліна патэлефанаваў у раённы аддзел унутраных спраў, каб паведаміць, што ля гаражнага кааператыву ў райцэнтры знойдзена граната. На месца знаходкі выехалі міліцыянеры, арганізавалі ахову да прыезду спецыялістаў сапёрна-піратэхнічнай групы г. Віцебска. Граната часоў Вялікай Айчыннай вайны абясшкоджана і знішчана.
Няшчасны выпадак
1 чэрвеня ў Дабеі патанула хлапчанё 2008 года нараджэння. Як высветлілася, хлопчык перабягаў праз канаву па дошцы і абмахнуўся… Бацькі (жыхары г. Полацка) ў гэты час знаходзіліся непадалёк на агародзе. Супрацоўнікі РАУС нагадваюць бацькам, бабулям, да якіх на лета прывозяць унукаў: будзьце вельмі ўважлівымі і асцярожнымі, не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду.
Падняў руку на ўчастковага
Участковы інспектар РАУС зрабіў заўвагу жыхару Обалі, які ў нецвярозым стане знаходзіўся на вуліцы гарадскога пасёлка. Але п’яны мужчына ў адказ пачаў лаяцца нецэнзурнымі словамі, спрабаваў ударыць участковага. Міліцыянеру прыйшлося прымяніць прыёмы самаабароны. Згодна з арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Прымяненне або пагроза ў адносінах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў” супраць абальчаніна ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае арышт ад трох да шасці месяцаў або абмежаванне волі да пяці гадоў, або пазбаўленне волі да шасці гадоў.
Электракабель
З мачты сотавай сувязі, якая знаходзіцца ў в. Добрына, знікла больш за дзвесце метраў электракабелю на агульную суму 2,7 мільёна рублёў.  Пра гэта ў міліцыю паведамілі супрацоўнікі СТАА “Мабільныя тэлесістэмы”. Злодзеі вышукваюцца.
Бензапіла
У мінулым месяцы раённая газета пісала пра крадзеж бензапілы з гаража жыхара райцэнтра. Нядаўна злодзея знайшлі, ім аказаўся ўраджэнец в. Баёўка без вызначанага месца жыхарства. Ён затрыманы. Бензапіла канфіскавана і вернута гаспадару.
Дошкі
Жыхар Обалі, вадзіцель ТАА “Транслай” звярнуўся ў міліцыю, каб расказаць, што на складзе таварыства ў  в. Масцішча праламана сцяна. Адтуль укралі 0,9 м3 дошак. Урон ацэнены ў 960 тыс. рублёў. Шумілінскім аддзелам Следчага камітэта па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Нецвярозыя
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынілі ў аграгарадку Мішневічы п’янага механізатара на МТЗ. Мужчына атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь і на тры гады пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.
Праз некалькі дзён на вочы супрацоўнікам ДАІ ў райцэнтры трапіў мясцовы жыхар, які нецвярозы ехаў на скутары. Гэтага мужчыну таксама пазбавілі правоў на тры гады, яму прыйшлося заплаціць штраф памерам у 35 базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №46 ад 12.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *