В районной организации ОО «Белая Русь» новый лидер

Актуалии Общество

“Белая Русь” – на карысць людзей раёна, краіны…
У справаздачнай канферэнцыі раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, якая праходзіла ў чацвер у малой зале Дома Саветаў, прымалі ўдзел запрошаныя і дэлегаты з 37-мі пярвічак, што сёння дзейнічаюць у арганізацыях і ўстановах раёна. У рабоце канферэнцыі прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
З дакладам аб праведзенай рабоце выступіў старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” В. Р. Бурэнь. Валерый Рафаілавіч засяродзіў увагу прысутных на тых важных момантах, якія давялося пражыць і перажыць арганізацыі – ад клопатаў па рэгістрацыі, пошуку аднадумцаў, зборы сродкаў, стварэння пярвічак – да сённяшняга дня, калі “Белая Русь” жыве і актыўна дзейнічае на тэрыторыі нашага раёна. А 37 пярвічных грамадскіх арганізацый і 523 іх прадстаўнікі – адзін з лепшых паказчыкаў сярод іншых раёнаў вобласці. Але самае важнае – гэта накірунак арганізацыі на падтрымку і дапамогу самым неабароненым слаям насельніцтва: дзецям без бацькоў, мнагадзетным маці, адзінокім састарэлым і інвалідам. Вельмі важнай работай было і будзе патрыятычнае выхаванне моладзі праз конкурсы, сустрэчы, якія “Белая Русь” спецыяльна арганізоўвала да Дня Перамогі, да іншых значных у жыцці беларускага народа дат. “Мы заахвоцілі падарункамі кожнага канкурсанта. Ніводная дзіцячая работа на тэму вайны не засталася без нашай увагі, – адзначыў В. Р. Бурэнь –  Упэўнены, дзеці, якія выказалі праз свае малюнкі негатыўныя адносіны да вайны, будуць берагчы мір”.
На рахунку “Белай Русі” шмат добрых спраў, за якія яе старшыня, савет і ўсе актывісты арганізацыі атрымалі шчырую падзяку ад выступаючых. Былі адзначаны заслугі В. Р. Бурэня, які пачынаў работу, як кажуць, з нуля і вывеў раённую арганізацыю на даволі паспяховыя рубяжы. Добрую адзнаку рабоце арганізацыі даў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што менавіта “Белая Русь” дае шанс маладым і энергічным людзям, якія выйшлі па ўзросце з БРСМ, праявіць сваю актыўнасць у грамадскай дзейнасці гэтай арганізацыі, паказаць свае кіраўніцкія здольнасці, арганізуючы саратнікаў на добрыя справы. Вялікая заслуга “Белай Русі” ў кансалідацыі грамадства, у справе захавання міру і стабільнасці ў нашай краіне, у фарміраванні патрыятызму і любві да Радзімы ў маладога пакалення.
Было прынята рашэнне лічыць работу арганізацыі здавальняючай і працягваць усе пачатыя справы на карысць людзей раёна і краіны.
Дэлегаты канферэнцыі адзінагалосна абралі савет раённай арганізацыі, рэ-візійную камісію, дэлегатаў на 2-ую абласную канферэнцыю і рэспубліканскі з’езд “Белай Русі”.
Тут жа быў праведзены і арганізацыйны сход абранага савета раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. В. Р. Бурэнь падзякаваў усім, хто на працягу чатырох гадоў дзейнасці арганізацыі, падтрымліваў яе ва ўсіх справах, дапамагаў грашовымі ўнёскамі. Валерый Рафаілавіч прапанаваў абраць старшынёй арганізацыі В. М. Саковіча, намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама. Галасаваннем членаў савета В. М. Саковіч абраны старшынёй раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №46 ад 12.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *