165 выпускников в Шумилинском районе простились со своими школами

Молодёжь Образование Общество

Выпускники Обольской СШ

Бывай, школа!
Кажуць,  дождж у дарогу – добрая прыкмета. Спадзяемся, што летні дождж, пад якім збіраліся адзінаццацікласнікі школ на свой выпускны, стане для іх сапраўды добрым знакам.
Выпускнікі  Обальскай СШ  ішлі ў прыгожых сукенках і касцюмах, з букетамі півоняў у школу, каб апошні раз правесці фотасесію ў класах і на школьным двары, дзе падрасталі і сталелі, дзе спасцігалі веды і спазнавалі першае каханне. Ішлі ў родную школу, каб развітацца з любімымі настаўнікамі, каб атрымаць “атэстат сталасці” – атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі.
Пачалося мерапрыемства з урачыстага шэсця да абеліска камсамольцам-падпольшчыкам. “Вы з’яўляецеся прамымі нашчадкамі обальскіх падпольшчыкаў, бо амаль усе яны былі вучнямі нашай школы. Няхай іх подзвіг, самаахвярнасць застануцца для вас высокім ідэалам на ўсё жыццё,” – адзначыў у сваім слове дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін.
Да абеліска кладуцца кветкі пашаны і памяці.
І  вось ён, доўгачаканы момант: у актавую залу школы, дзе сабраліся бацькі, сваякі, настаўнікі, пад урачыстую музыку заходзяць дзевятнаццаць выпускнікоў 2012 года. Пра кожнага знайшліся цёплыя словы ў дырэктара школы А. М. Штокіна, які ўручыў ім атэстаты, пахвальныя лісты, граматы, падзякі за поспехі ў вучобе, за актыўны ўдзел у спартыўным, грамадскім жыцці школы. Уручыў ён выпускнікам і дакумент, які сведчыў аб набытай у сценах школы прафесіі трактарыста.   Свае пажаданні выказалі выпускнікам бацькі і класны кіраўнік. Шчыра дзякавалі педагогам і бацькам учарашнія школьнікі. Дзякавалі за навуку, за падтрымку і дапамогу ў розных жыццёвых сітуацыях.
Вось і настаў час развітання са школай. Перад выпускнікамі шырокі жыццёвы выбар. Няхай жа споўняцца іх мары і жаданні, няхай ім спадарожнічае ўдача!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №47 ад 15.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *