Молодёжный взгляд на выборы. Диалоговая площадка прошла на базе Шумилинского музея

Единый день голосования-2024 Молодёжь Общество

Маладзёжны погляд на выбары

Што моладзь ведае пра выбары і работу дэпутатаў? Ці збіраецца ўдзельнічаць у галасаванні? Якія пажаданні ёсць у іх да дэпутатаў рознага ўзроўню? На гэтыя і іншыя пытанні спрабавалі знайсці адказ на дыялогавай пляцоўцы «Маладзёжны погляд. Выбары», якая прайшла на базе Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея 16 лютага.

На пляцоўку былі запрошаны маладыя работнікі шумілінскіх аргані-зацый і ўстаноў. У якасці спікераў выступілі намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Шалахава, першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Бяляева, супрацоўнік РАУС Дар’я Трафімава.

Ірына Шалахава звярнула ўвагу маладых людзей на тое, што ўпершыню ў краіне праводзіцца адзіны дзень галасавання, калі мы выбіраем адразу дэпутатаў усіх узроўняў – ад парламента да сельскіх Саветаў. І гэта толькі першы этап. 4 красавіка абраныя дэпутаты мясцовых Саветаў базавага ўзроўню будуць выбіраць членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, а пасля будуць выбірацца дэлегаты Усебеларускага народнага сходу.

Кіраўнік найбуйнейшай грамадскай арганізацыі раёна расказала аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях, іх ролі ў жыцці грамадства і дзяржавы. Узгадала таксама і пра спробы замежных сіл кантраляваць і маніпуляваць сітуацыяй у нашай краіне, заклікала маладых людзей быць пільнымі і крытычна падыходзіць да інфармацыйных інтэрнэт-крыніц, верыць толькі аб’ектыўнай праверанай інфармацыі, не паддавацца на маніпуляцыі дэструктыўных і экстрэмісцкіх структур.

Завязалася гутарка, падчас якой стала зразумела, што маладыя людзі ведаюць свае грамадзянскія абавязкі і адказна падыходзяць да ўдзелу ў галасаванні. Яны ведаюць аб ролі дэпутатаў і вераць у іх адказны і добрасумленны падыход. Усе ўдзельнікі заявілі, што абавязкова прагала-суюць на выбарах і возьмуць адказнасць за будучае рэгіёна і дзяржавы ў цэлым. Падчас гутаркі моладзь выказала свае пажаданні дэпутатам рознага ўзроўню. «Гэтыя пажаданні будуць абагульнены і агучаны дэпутатам на першым пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання», – паабяцала Ірына Шалахава.

Вікторыя Бяляева расказала пра акцыю, якую праводзіць маладзёжная арганізацыя напярэдадні выбараў, пасылаючы паштоўкі з запрашэннем да ўдзелу ў адзіным дні галасавання, і прапанавала далучыцца да яе.

Дар’я Трафімава засяродзіла ўвагу на пільнасці падчас знаходжання ў інтэрнэце, нагадала пра адказнасць за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў і падтрымку экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў.

Адбыўся сапраўдны дыялог, абмен думкамі, карысны як для маладых людзей, так і для кіраўнікоў грамадскіх арганізацый.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *