Участники районного конкурса молодых семей соревновались с косой и веником

Актуалии Молодёжь Общество

Пакасілі. Папарыліся. Пазнаёміліся.
У пятніцу ў  Доме паляўнічага, што знаходзіцца ў Роўным, прайшоў чарговы этап раённага конкурсу маладых вясковых сем’яў. Па праграме канкурсанты павінны былі паказаць свае ўменні ў касьбе і веды ў конкурсе «Лазня парыць – здароўе дорыць». Цікаўнасць гэтаму этапу надавала тая акалічнась, што сем’і ўпершыню сустрэліся разам.
Зранку надвор’е сустрэла канкурсантаў моцнымі ліўневымі дажджамі, што надало лёгкай няўпэўненасці ім  і членам журы.  Але хутка  гэтая няўпэўненасць знікла.  І вось ужо самы малады з мужчын Аляксандр Богдзя (Мішневічы) нешта абмяркоўвае з самым вопытным у гэтай кагорце гаспадароў Міхаілам Канстанцінавым (Язвіна); гаспадыні таксама знайшлі агульныя тэмы. Адным словам, канкурсантам хапіла некалькі хвілін, каб перазнаёміцца і, як кажуць, адчуць сябе ў сваёй талерцы.
І вось, нарэшце,  сам конкурс. Мужчыны дастаюць косы, гаспадыні ж працягваюць хавацца пад парасонамі. І раптам гэты маўклівы падрыхтоўчы этап ажыўляе голас Яўгена Броўкіна (Светласельскі):
— Ох, і добрая тут трава. Накосімся, хлопцы!
Пад агульны гучны смех усе накіроўваюцца на “дыстанцыю”. Распачынае касьбу Аляксандр Іваноўскі (Ляжні).  З веданнем справы да касьбы прыступае Пётр Бардзюкоў (Мікіціха). А завяршае конкурс Аляксандр Раманятаў, які крыху спазніўся на пачатак мерапрыемства, а таму яму адразу ж прыйшлося “ісці ў бой”. Адразу бачна, што тут сабраліся сапраўдныя гаспадары, якія ведаюць і любяць сялянскую справу, і з касьбой яны спраўляюцца гуляючы.
На наступны конкурс «Лазня парыць – здароўе дорыць», нягледзячы на моцны дождж, сем’і накіроўваюцца з цудоўным настроем. Работнікі раённага аддзела культуры падрыхтавалі арыгінальную конкурсную праграму пра лазню.  З лёгкай іроніяй канкурсанты справіліся з тэарытычнай часткай.
Трэба было бачыць, як сем’і вязалі бярозавыя венікі. Галінка да галінкі, акуратна і ўсё гэта рабілася са смехам і жартам.  І сапраўды,  якая  лазня без веніка? Вось і стараліся сем’і і ўменні свае паказаць,  і каб папарыцца можна было на славу. І з вязаннем венікаў канкурсанты справіліся бліскуча.
Пакуль гаспадары парыліся ў лазні, гаспадыні рыхтавалі абед.  На стале з’явіліся печыва і каўбасы, сок і квас , гуркі свежыя і салёныя – у выніку агульны стол атрымаўся багатым. Паабедаўшы, сем’і пачалі збірацца дадому: работы ж у сапраўднага гаспадара цяпер зашмат.
Але перш чым паехаць дамоў, усе канкурсанты запыталіся пра наступны этап. Яны не толькі выказалі задавальненне конкурсам, але і выказвалі пажаданне, каб усе астатнія этапы праводзіліся разам “у гэтай вялікай добрай кампаніі”…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №48 ад 19.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *