Рэп по-шумилински. Знакомтесь — Black Craft

Мир увлечений Молодёжь

Black Craft

Знаёмцеся: Black Craft
На сённяшні дзень у маладзёжнай культуры рэп – адзін з самых папулярных накірункаў. Тут не абавязкова спецыяльная музычная адукацыя. Чытаць рэчытатыў пад музыку можа любы творчы чалавек. Як адзначыў  вядомы музычны крытык Арцёмій Троіцкі,  у індустрыяльных гарадах сёння рэп стаў асноўнай маладзёжнай культурай, своеасаблівай формай выражэння свайго Я, а таксама формай пратэсту супраць шэрасці і абыдзенасці.
Рэпера лёгка пазнаць у натоўпе людзей: апранаюцца альбо ў занадта шырокія і вялікія рэчы, альбо ў занадта вузкія, нават цесныя. Хто ён, сярэднестатыстычны прыхільнік рэпу? Як падае інтэрнэт, гэта малады чалавек са сваёй жыццёвай пазіцыяй, якую праз музыку і тэксты даносіць да іншых.
Багата прыхільнікаў рэпа і ў нашым раёне. Прычым, як мінімум адзін з іх займаецца рэпам прафесійна.
Прыкладна год таму на беларускім рэпавым небасхіле з’явілася новае імя — Black Craft. Кампазіцыі лёгкія, лірычныя, закранаюць праблемы, якія хвалююць моладзь, а трэк“ І ўсё будзе добра” адразу стаў хітом у інтэрнэце. Група Black Craft у сацыяльнай сетцы “Укантакце” разрасталася вельмі хутка: штодзень большала прыхільнікаў на некалькі сотняў, прычым, не толькі з Беларусі, а і з блізкага і далёкага замежжа.
Аказалася, што пад сцэнічным псеўданімам “скрываецца”  Віктар Кійко з Міхіціхі. “Захапіўся рэпам дзесьці ў 11 класе. Захацелася змяніць свет, ярка яго расфарбаваць і пачаў гэта рабіць з сябе, — расказвае хлопец. – Сам паспрабаваў напісаць рэп. Прачытаў яго. Спадабалася”. Сур’ёзна займацца музыкай Віктар не думаў, паступіў у Гомельскі інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Вучоба давалася лёгка, але ж нездарма Гомель лічаць сталіцай беларускага рэпа… Так і спрачаліся ў душы – студэнт і рэпер. Віктар Кійко і Black Craft. “Калі цвёрда ўсвядоміў, што рэп-музыка – гэта маё, — адзначае рэпер, – кінуў інстытут, уладкаваўся на працу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, а вучыцца буду завочна”.
Black Craft выпусціў два паўнацэнныя альбомы — “Крытыка” і “Клетка свабоды”. Большасць кампазіцый пра каханне, чыстае і светлае. Асаблівы шарм творам надае прачуласць, яна падкупляе слухачоў. З каментарыяў у інтэрнэце: “Калі паслухаў кампазіцыі Black Craft, такое ўражанне, што ўсё перажыў сам. Спявак нібы расказвае пра маё жыццё”.
Відаць, галоўны сакрэт папулярнасці рэпера з Мікіціхі ў тым, што ён гаворыць з моладдзю на мове, даступнай ёй, закранае праблемы, што хвалююць маладых.
“У маіх тэкстах ніколі не будзе ненарматыўнай лексікі – гэта мая пазіцыя, — сцвярджае Black Craft. – Самавыяўляцца трэба праз пазітыў, праз яркія фарбы, а не праз правакацыі”. Рэпер запісаў 50 трэкаў, усе яны на рускай мове, хаця малады музыкант не выключае, што могуць з’явіцца кампазіцыі і на беларускай мове.
У творчай скарбонцы Black Craft два прафесійна знятыя кліпы на кампазіцыі “Інтра” і “Каханне на розных берагах”, выступленні  ў Мінску і Гомелі. Творчых планаў багата, зараз ён працуе над новым альбомам. Летам павінен выйсці і новы кліп “І ўсё будзе добра”, з якім рэпер з Мікіціхі паспрабуе “прарвацца” на тэлебачанне і ў эфір папулярных радыёстанцый.
І, бадай, адно з самых важных, на гэтае лета жаданняў – выступіць на Шуміліншчыне, перад роднай публікай, каб землякі пазнаёміліся з рэп-выканаўцам Black Craft.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №48 ад 19.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *