К 100-летию Шумилинского района. Как рождался наш район

100 лет Шумилинскому району Край шумілінскі

17 ліпеня 2024 года мы будзем адзначаць 100 год з дня ўтварэння  Шумілінскага раёна. Раённая газета пачынае серыю публікацый,  прысвечаных гэтай знамянальнай даце.

Як нараджаўся наш раён

Карта после 2004 г.

У старажытныя часы

Рака Заходняя Дзвіна з прытокамі была адным з важных участкаў славутага “шляху з варагаў у грэкі”, і невыпадкова адкрыццё старажытнага гарадзішча ў в. Ілава некалькі год таму стала навуковай сенсацыяй.

Таму Шуміліншчына была ўключана ў першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі з сярэдніх вякоў. Першапачаткова тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Полацкага і Віцебскага княстваў. У пачатку XVI стагоддзя гэтыя землі ўвайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае – у Полацкае і Віцебскае ваяводствы.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 года тэрыторыя Шуміліншчыны ўвайшла ў Расійскую імперыю, дзе былі створаны Полацкая, Віцебская і Дзвінская правінцыі Пскоўскай губерні. Тэрыторыя раёна была падзелена паміж Полацкай і Віцебскай правінцыямі. У 1776 годзе на беларускіх землях былі створаны Полацкая і Магілёўская губерні (з 1778 г. – намесніцтвы).

Фрагмент карты Витебской губернии с делением на уезды.

У 1796-1802 гадах намесніцтвы былі аб’яднаны ў Беларускую губерню. У 1802 годзе была створана Віцебская губерня. Тэрыторыя раёна была падзелена паміж Віцебскім (большая частка сучаснага Светласельскага сельсавета), Гарадоцкім (Мішневіцкі сельсавет) і Полацкім паветамі.

Пасля Кастрычніка 1917 года

Адміністрацыйнае дзяленне на губерні і паветы захоўвалася практычна да 1924 года. Але тэрыторыя Шуміліншчыны некалькі разоў мяняла дзяржаўную прыналежнасць.

Так, 1 студзеня 1919 года была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі, у якую ўвайшлі Мінская, Магілёўская, Віцебская, Гродзенская губерні, частка паветаў Віленскай і Ковенскай губерняў, заходнія паветы Смаленскай губерні. Але ўжо 16 студзеня 1919 года па рашэнні ЦК РКП(б) Віцебская, Магілёўская і Смаленскай губерні адышлі да РСФСР.

31 ліпеня 1920 года была адноўлена Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспу-бліка, у якой пасля адыходу Заходняй Беларусі да Польшчы засталіся толькі 6 паветаў Мінскай губерні. У сакавіку 1924 года паветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, дзе пераважала беларускае насельніцтва, былі вернуты ў склад БССР (1-е ўзбуйненне БССР). Так Шуміліншчына вярнулася ў Беларусь.

Даваенныя гады

Карта 1925 г. с границами округов и районов.

17 ліпеня 1924 года быў ліквідаваны стары адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і уведзены новы – акругі з дзяленнем на раёны. Былі створаны 10 акруг, падзеленых на 100 раёнаў.

У тым ліку быў створаны Сіроцінскі раён з цэнтрам на станцыі Сіроціна. У 1927 годзе цэнтр раёна перанесены ў сяло Шуміліна (з 27 верасня 1938 года – гарадскі пасёлак).

Тэрыторыя сучаснага Шумілінскага раёна таксама ўваходзіла ў склад Віцебскага, Бешанковіцкага, Ульскага, Полацкага раёнаў.

26 ліпеня 1930 года было скасавана дзяленне на акругі, усе раёны перайшлі ў рэспубліканскае падпарадкаванне. Адбывалася ўзбуйненне раёнаў. 17 раёнаў былі скасаваны ў 1927 годзе, яшчэ 23 – у 1931.

Административные границы на 1935 г.

15 лютага 1931 года у склад Сіроцінскага раёна перададзены адзін сельсавет са скасаванага Віцебскага раёна. 8 ліпеня 1931 года у склад Сіроцінскага раёна ўключаны 5 сельсаветаў ліквідаванага Ульскага раёна. 25 ліпеня 1931 года Усвейскі сельсавет (за р. Заходняя Дзвіна) перададзены Бешанковіцкаму раёну, а 5 красавіка 1935 года адзін сельсавет уключаны ў гарадскую рысу Віцебска.

Карта на 1941 г.

15 студзеня 1938 года была ўтворана Віцебская вобласць, у якую ўвайшоў і Сіроцінскі раён. У 1941 годзе у Сіроцінскі раён уваходзілі 14 сельскіх саветаў.

Пасля вайны і да сучаснасці

Карта на конец 1944 г.

 

Карта 1956 г.

9 верасня 1946 года 3 сельсаветы (Клетчанскі (цэнтр – д. Лявонава), Баранькаўскі (цэнтр – д. Кардон), Мішкавіцкі) уключаны ў зноў створаны Ульскі раён (вернуты 17 снежня 1956 года пры ліквідацыі Ульскага раёна)

Карта 1958 г.

З 13 (па іншай інфармацыі з 23) лістапада 1961 года Сіроцінскі раён перайменаваны ў Шумілінскі.

Карта 1965 г.

Пры ўзбуйненні раёнаў у рамках адміністрацыйна-гаспадарчай рэформы М. С. Хрушчова 25 снежня 1962 года раён ліквідаваны, яго тэрыторыя падзелена паміж Бешанковіцкім, Віцебскім, Гарадоцкім і Полацкім раёнамі.

Карта 1972 г.

30 ліпеня 1966 года Шумілінскі раён адноўлены, 2 жніўня 1966 года з Полацкага раёна ў Шумілінскі перададзены Мішневіцкі сельсавет.

Карта 1987 г.

Апошняе павелічэнне тэрыторыі адбылося у 1987 годзе, калі ў склад раёна быў перададзены Каўлякоўскі сельсавет Бешанковіцкага раёна.

У межах раёна на працягу ўсяго часу (па меры скарачэння сельскага насельніцтва) адбывалася ўзбуйненне сельсаветаў.

Калі у пачатку фарміравання раёна агульная колькасць сельскіх саветаў дасягала паўтара дзясятка, то зараз раён падзяляецца на 8 сельсаветаў.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *