“Святые” родники Шумилинщины

Край шумілінскі

"Святая" крыніца ў вёсцы Лоўжа

Святыя крыніцы роднага краю
Найбольшая павага ва ўсе часы надавалася “святым крыніцам”. Падобныя аб’екты карыстаюцца вялікай пашанай, яны надзяляліся сакральным і культавым значэннем.
Крыніцам пакланяліся, іх наведвалі, каб пазбавіцца ад хваробаў, рабілі ахвярапрынашэнні (палатно, рушнікі, грошы, кветкі і інш.). Каля такіх крыніц нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэлігійных святаў наладжвалі крыжовыя хады і богаслужэнні.
Існуе шэраг рысаў, якія адрозніваюць “святыя” крыніцы ад звычайных. З аднаго боку гэта ўпэўненасць ў цудадзейнасці і гаючасці вады. З другога, наяўнасць легендарных звестак аб узнікненні святога месца ці аб выпадках лекавання. Большасць крыніц-гойбітаў на тэрыторыі Шуміліншчыны ў народным светаўспрыманні з’яўляюцца ўніверсальным лекавым сродкам ад ўсіх захворванняў. Аднак большасць старажылаў зазначае, што найбольш эфекты вада спрыяе ад “спуду” і сглазу (асабліва для малых дзяцей).
Першыя звесткі аб існаванні культавых крыніц на тэрыторыі Шуміліншчыны фіксуюцца на пачатку ХХ ст. Так пад 1903 г. Д.І. Даўгяло ў кнізе “Полоцкая епархия к 1903г”, узгадваецца “святой колодец” у в.Улазавічы: “часовня – въ 2 верстах отъ церкви (муч. Параскевы) при “Святом колодцъ ”. Пад тым жа годам зафіксвана драўляная капліца “у имя святой мученицы Параскезы” ў в. Ловаж. Вядома што крыніца функцыянуе даволі працяглы час, аб гэтым сведчаць нумізматычныя знаходкі, выяўленыя пад час аднаўлення і ўпарадкавання святыні. Самая старажытная знаходка датуеца 1500-мі гадамі. Гэтая акалічнасць пацвярджае факт існавання паселішча ў XVI ст., якое фігуруе ў Полацкай рэвізіі пад 1552 г. як “Ловажскі стан”.
Дзякуючы намаганням В.У. Улюценка, другое жыццё атрымала “святая” крыніца ля былой в.Казаногава. Некалі “Святая Пяценка” была сапраўдным гойбітам для людзей. Да яе хадзілі і ездзілі за шмат кіламетраў. Існуе паданне, што на месцы царквы тройчы адбываўся цуд: тры разы людзям з’яўляўся абраз, які стаў нечакана знікаць з храма і з’яўляцца на балоце. Праз некаторы час на месцы з’яўлення абраза забіла крыніца. Ушанаванне крыніцы адбываецца ў дзень прарока Іллі, а таксама напярэдадні свята Пятра і Паўла. У гэты ж дзень тут адбываліся кірмашы.
На жаль на сённяшні дзень існуе тэндэнцыя да страты сакральнага сэнсу аб’ектамі культавага прызначэння. Некаторыя “святыя” месцы губляюць свае спецыфічныя рысы. Але яны будуць падтрымліваць нас пакуль мы будзем памятаць пра іх.
Варвара ЕЗАВІТАВА.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *