В конкурсе юных спасателей-пожарных победила команда «Прометей» из Шумилинской СШ №1

Молодёжь Новости Образование

Лепшыя юныя ратавальнікі-пажарныя вучацца ў СШ № 1

У панядзелак, 8 красавіка, у Шуміліне прайшоў раённы этап абласнога злёту клубаў юных ратавальнікаў-пажарных сярод устаноў адукацыі. Традыцыйна гэта самы доўгачаканы і любімы турнір у падлеткаў. Сёлета арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, аддзел па адукацыі райвыканкама і БРСМ.

Конкурс сабраў разам 5 каманд са школ раёна, каб узгадаць пра важныя правілы бяспекі, якія неабходна памятаць і выкарыстоўваць на працягу ўсяго жыцця. 5 конкурсных этапаў-выпрабаванняў – «візітная картка-мюзікл», «аказанне першай дапамогі», «знаўцы», «агляд строю», «баявое разгортванне» – чакалі падлеткаў на шляху да вызначэння лепшай каманды злёту ратавальнікаў-пажарных Шуміліншчыны.

На ўрачыстым адкрыцці злёту намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Красоўскі вітаў усіх удзельнікаў, падзякаваў за актыўнасць і пажадаў удачы.

Самым творчым і артыстычным выдаўся конкурс візітак, дзе каманды прадэманстравалі свае акцёрскія здольнасці ў бачанні бяспечнага ладу жыцця Выступленне каманды «Праметэй» СШ № 1 прызнана лепшым.

У конкурсе «знаўцы» юныя пажарныя дэманстравалі свае веды ў тэорыі, рашаючы «бяспечныя» задачы. Лепшыя вынікі паказала каманда з СШ № 2. Яна лепш за ўсіх справілася і ў конкурсе «аказанне першай дапамогі».

Самым відовішчным па традыцыі стаў конкурс «агляд строю». Хлопцы і дзяўчаты хадзілі страявым крокам, выконвалі страявыя элементы. Самай зладжанай баявой дружынай журы прызнала каманду СШ № 1.

Фіналам сталі любімыя ў падлеткаў спаборніцтвы па баявым разгортванні, дзе таксама высокі ўзровень прадэманстравала каманда з СШ № 1.

Такім чынам, пераможцай спаборніцтваў стала каманда «Праметэй» СШ № 1. Другое ганаровае месца заняла ад-найменная каманда з Мікіціхінскай СШ, трэцяе – каманда «Героі нашага часу» СШ № 2. Пераможца і прызёры ўзнагароджаны граматамі і падарункамі. Віншуем каманду СШ № 1 з перамогай і жадаем поспеху ў занальным туры абласнога злёту.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *