Не вводи вора в соблазн…

Бяспека Происшествия

З машыны ўкрасці лягчэй…
Ва ўсе часы былі людзі “вельмі да чужога дабра ахвочыя”. Украсці ўсё, што дрэнна ляжыць – самы лёгкі спосаб крымінальнай нажывы. Не пераводзяцца жадаючыя разжыцца чужымі магнітоламі, акумулятарамі, дамкратамі – усім тым, што знаходзіцца ў салоне або багажніку аўтамабіля.  Злодзеі таксама могуць “пакласці вока” і на сам аўтамабіль, няхай нават ён і не зусім новы.
Як сведчыць статыстыка, за мінулы год у вобласці зарэгістравана 1108 крадзяжоў, аб’ектам якіх з’яўляецца аўтамабіль (у нашым раёне ўгонаў не было). А сёлета зарэгістраваны дзесяць такіх выпадкаў, у тым ліку чатыры з іх – у Віцебску.
У якасці прыкладу можна назваць нядаўні крадзеж у абласным цэнтры. Віцяблянін, пасварыўшыся з жонкай, надумаўся вывезці з дому частку маёмасці. Склаў рэчы ў “Мерседэс”, які стаяў ля дома. Гэта і выкарысталі нячыстыя на руку людзі, яны ведалі, што з машыны ўкрасці значна прасцей, чым з кватэры. Праз некаторы час, калі гаспадар вярнуўся да машыны, там ужо не было ні мікрахвалевай печкі, ні фотаапарата, ні відэякамеры, ні манітора. Урон, нанесены пацярпеламу, склаў амаль восем мільёнаў рублёў.
Нямала прыкладаў, калі злодзеі трапляюць у машыну шляхам падбору ключоў. Напрыклад, у студзені неўстаноўлены злачынца падабраў ключы да аўтамабіля ВАЗ, які належаў жыхару г. Віцебска, і ўгнаў машыну. Неўзабаве яна была знойдзена ў в. Зайцава Віцебскага раёна. Акумулятара і колаў на машыне не было. Урон, нанесены пацярпеламу, склаў амаль чатыры мільёны рублёў.
Хочацца звярнуцца да ўсіх аўтааматараў: не пакідайце сваё аўто без нагляду, не кладзіце ў салон рэчы, якія могуць прыцягнуць увагу злодзеяў. Выходзячы з машыны, адразу ж  падымайце аконнае шкло, замыкайце дзверы, уключайце сігналізацыю. Не забудзьце забраць з сабою барсетку. А лепш за ўсё пакідаць машыны на платнай ахоўваемай стаянцы – гэта абыдзецца намнога танней, чым пакупка новага акумулятара, колаў ці магнітолы.
В. БУРЛАКОЎ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *