Снова про шумилинский рэп, но в новом исполнении

Мир увлечений Молодёжь

Зарыфмаванае рэпам каханне

Пасля публікацыі ў раённай газеце матэрыялу пра рэп-спевака Black Craft карэспандэнту параілі расказаць чытачам пра яшчэ аднаго нашага земляка – рэпера AJ  – Антона Васільева (на здымку), хлопца з Обалі, зараз студэнта гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
AJ пачаў займацца рэпам нядаўна. Вясною захацелася нечым здзівіць сваю каханую  – склаў вершы, запісаў трэк “Маё каханне”. Кампазіцыя  дзяўчыне спадабалася, яна і параіла Антону больш сур’ёзна займацца рэпам. “Хочацца выдзеліцца з натоўпу, — расказвае хлопец, — праз музыку, рэп данесці сваё Я, сваё каханне. Прычым рабіць гэта гучна і рознакалярова”. Даволі хутка з’явіўся і другі трэк “Гэты горад” – рэп-прысвячэнне гораду, дзе малады чалавек сустрэў сваё каханне. І толькі пасля таго, як знаёмыя станоўча ацанілі першыя творчыя крокі Васільева, пачынаючы рэпер “выклаў” свае кампазіцыі ў інтэрнэт.
“Я, відаць, быў першым слухачом AJ, – расказвае Black Craft. – Ёсць у яго добрыя творчыя знаходкі, на мой погляд. Антон можа вырасці ў сапраўднага рэпера. Праўда, для гэтага найперш неабходна вызначыцца са стылем”.
“Маё каханне” і “Гэты горад” – дзве абсалютна непадобныя кампазіцыі. Першая — лірычная, лёгкая, запамінальная, па стылі, можна сказаць, дзесьці вельмі блізкая да поп-музыкі, другая – чыста рэпавая. AJ і сам кажа, што не вызначыўся са сваім стылем, слухачам больш спадабалася “Маё каханне”, хаця рэп-тусоўка з такой кампазіцыяй наўрад ці прыме.
На лета ў AJ багата планаў. Думае запісаць трэкі для стварэння паўнацэннага альбома, дарэчы, больш схіляецца да назвы “Маё каханне”. Робіцца і першы відэакліп. З тэматыкай новых кампазіцый вызначыўся даўно – каханне, чыстае і светлае. “Пішу – бо кахаю, – усміхаецца рэпер. – Калі кахаеш, можна горы звярнуць. А я напішу альбом…” А вось, што да стылю – тут яшчэ нічога не вызначана. Будзе рэп і лёгкамеладычны, і цяжкі. У сваім дэбютным альбоме AJ хоча паэксперыментаваць і абавязкова знайсці менавіта сваё.
Зараз шмат работы вядзецца і ў інтэрнэце. Малады рэпер зусім нядаўна ў сетцы “Укантакце” стварыў сваю афіцыйную групу, “раскручвае” свае трэкі.
Пакуль што рэп для Антона Васільева толькі захапленне, спосаб самавыражэння, але ж AJ не супраць таго, каб гэта стала яго прафесійнай дзейнасцю. І сёлетнія студэнцкія канікулы вызначаць, хто пераможа: Антон Васільеў ці AJ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *