В Шумилино начал работать детский дом семейного типа

Актуалии Образование Общество

Детский дом семейного типа в Шумилино

Дзеляцца планамі гаспадары…
Мінуў тыдзень, як дом сямейнага тыпу, што ў мікрараёне СШ №2, засялілі гаспадары – Руслан Ігаравіч і Наталля Уладзіміраўна Церахавы з Шуміліна з трыма дзецьмі: васьмігадовай Аляксандрай, двухгадовым Раманам, сямімесячным Дабрыняй. Яны пераехалі ў новы двухпавярховы асабняк з тым, каб “абжыцца, распланаваць усё на свой лад, крыху падправіць за будаўнікамі” (словы гаспадароў).
Руслан адразу ўзяўся за сталярныя інструменты: падагнаў дзверы, давёў да ладу агароджу, тое-сёё падфарбаваў на свой густ. Але не скардзіўся. Па жыцці аптыміст, ён лічыць такі рамонт дробязямі жыцця. “І ўвогуле кожны гаспадар, усяліўшыся ў новы дом, усё роўна нешта перароблівае, – ва ўсім, – усміхаецца гаспадар. – А для мяне гэта няцяжка, бо нейкі час працаваў у будаўнічай арганізацыі. Нават магу дом пабудаваць, было б з чаго. Лічу, што ў доме толькі адзін недахоп – падземныя воды падыходзяць у падвал, прыходзіцца адпампоўваць два разы на дзень. Тут патрэбны дрэнаж, але праблему самастойна, без дапамогі спецыялістаў, не рашыць”.
У доме пяць жылых пакояў,  можна размясціць вялікую сям’ю. У хуткім часе яна будзе. “Неўзабаве мы прымем ў сям’ю дваіх прыёмных дзяцей, – расказвае Руслан. – Ну, а потым, паступова, возьмем яшчэ пяцёра, а мо і больш”.
Цікавімся, як маладая сям’я рашылася на такі адказны крок – выхоўваць прыёмных дзяцей. Аказваецца, Наталля вырасла ў падобным доме дзіцячага тыпу. Яе бацькі больш за дваццаць гадоў таму ўзялі да сябе некалькі прыёмных дзяцей. Затым сям’я разраслася. І зараз бацькі Наталлі ў доме сямейнага тыпу ў в. Ліпаўцы Віцебскага раёна выхоўваюць ажно дванаццаць дзяцей. І гаспадыня, Любоў Юр’еўна, прыехала на некалькі дзён да дачкі з зяцем – дапамагчы, падтрымаць, параіць. Усё ж мае вялікі вопыт: выгадавала больш за сорак прыёмных дзяцей. На думку жанчыны, у Шуміліне пабудавалі камфортны дом сямейнага тыпу, грэх крыўдаваць. І дзіцячы садок, і школа, і амбулаторыя, усё пад рукамі.
“Быць прыёмнымі бацькамі – гэта наша асабістае рашэнне,  – гавораць Церахавы.  – Нам абодвум па трыццаць, жывём сям’ёй дзесяць гадоў. Мы ўпэўнены, што зможам і справімся. Тым больш, што адчувальная падтрымка дзяржавы і раённых улад: завезлі новую мэблю, нядаўна атрымалі пральную машыну, пыласос, халадзільнік, мікрахвалевую печку…
Ля дома яшчэ няма агарода, але гаспадары ўжо намецілі яго межы – туды трэба навазіць чарназёму. У бліжэйшы час Церахавы плануюць завесці падсобную гаспадарку: спачатку свіней і курэй, а потым (калі выкапаюць сажалку) – качак. А на будучае плануюць паставіць вялікі хлеў. Бо той, што на сядзібе, малы. У планах гаспадара – пабудаваць гараж, ну, а Наталля марыць азеляніць тэрыторыю вакол дома, разбіць клумбы.
– З нецярпеннем чакаем нашых новых дзетак, – дзеліцца планамі гаспадыня. –  У мяне ўжо гатова меню святочнага абеду (я ж па прафесіі повар), выбрала смачныя рэцэпты піражкоў і пячэння, будзе чым сустрэць дзяцей. Мы яшчэ не ведаем іх характараў, звычак, але ж верым, што пасябруем, што ў нас будзе вялікая дружная сям’я…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *