На заседании Шумилинского райисполкома: работа органов правопорядка

Актуалии Президент

Забяспечыць парадак і спакой у грамадстве
Пытанне аб прафілактыцы правапарушэнняў і аператыўным раскрыцці злачынстваў на тэрыторыі раёна было невыпадкова вынесена на парадак дня пасяджэння райвыканкама, якое ўчора правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў.
Як адзначыў у сваім дакладзе часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Ігар Шаціла, нягледзячы на тое, што на працягу апошніх гадоў колькасць злачынстваў зніжаецца (96 за пяць месяцаў бягучага года супраць 100 у 2015 годзе), у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку (з 72 да 59), але яна застаецца дастаткова высокай – у 2016 годзе 51,9 выпадкаў на 10 тысяч насельніцтва (па вобласці – 38,5; па рэспубліцы – 41,2). Раскрыццё злачынстваў складае 61% (па вобласці – 58,3%, па рэспубліцы – 61,9%).
Злачыннасць наносіць матэрыяльную і маральную шкоду насельніцтву, замінае ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна. Таму папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў, іх раскрыццё з’яўляецца адной з самых актуальных праблем дзяржаўнага кіраўніцтва.
Дакладчык прадставіў падрабязны аналіз злачыннасці па сельсаветах раёна і ў райцэнтры. Найбольшая колькасць злачынстваў зафіксавана ў самых населеных – г.п. Шуміліна, Обальскім і Лаўжанскім сельсаветах.
На фоне агульнага зніжэння злачыннасці зменшылася і колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў – з 9 у мінулым годзе да 5 сёлета. Не зарэгістраваны сёлета такія злачынствы, як забойства і спроба забойства, згвалтаванне, махлярства, рабаўніцтва і іншыя.
Самым распаўсюджаным відам злачынстваў застаюцца крадзяжы, адзначыў Ігар Аляксандравіч. Яны складаюць 46,9% ад агульнай колькасці злачынстваў. З 45 крадзяжоў сёлета раскрыты 23. 26 крадзяжоў здзейснены з кватэр, дамоў, дач (раскрыты 18), 5 – крадзяжы веласіпедаў (раскрыты 1), 3 – крадзяжы маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў.
Крадзяжы маёмасці грамадзян адбываюцца з-за абыякавасці жыхароў раёна да бяспекі ўласнай маёмасці: пакідаюць без нагляду веласіпеды і іншае, не зачыняюць на замок жылыя памяшканні,  распіваюць алкаголь з незнаёмымі асобамі, запрашаюць сабутэльнікаў у свае дамы і кватэры. Як вынік – недалічваюцца грошай, упрыгажэнняў, мабільных тэлефонаў і іншага.
Ігар Шаціла спыніўся на рабоце па прафілактыцы крадзяжоў ў арганізацыях раёна. Так, адзначыў Ігар Аляксандравіч,  распажыўтаварыству накіравана 15 прадпісанняў па ліквідацыі ўмоў, якія спрыяюць крадзяжам, але большасць адказаў носіць фармальны характар.
Прадпрыемствам АПК вынесена 21 прадпісанне, тым не менш праверкі выяўляюць адсутнасць вартаўнікоў на рабочых месцах (2 выпадкі) ці іх знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення (5 выпадкаў), на вытворчых аб’ектах часта адсутнічае асвятленне, яны не маюць агароджы. Усе гэтыя умовы спрыяюць здзяйсненню крадзяжоў.
Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў вядуць сістэматычную работу з насельніцтвам падчас сустрэч у населеных пунктах і ў працоўных калектывах, размяшчаюць інфармацыйныя матэрыялы ў месцах масавага знаходжання грамадзян.
Вядзецца пастаянная работа з асобамі, схільнымі да здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў, злоўжываючымі алкагольнымі напіткамі, ідзе накіраванне такіх грамадзян ў ЛПП.
Адным з сучасных сродкаў прафілактыкі з’яўляецца відэаназіранне, адзначыў Ігар Шаціла. У раёне 37 аб’ектаў, якія неабходна адпаведна абсталяваць, з іх абсталяваны відэакамерамі 19.
У работу па прафілактыцы правапарушэнняў уцягнуты дзяржаўныя органы і грамадскасць – у раёне дзейнічаюць 17 добраахвотных дружын, 9 саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП)). Усё гэта дае станоўчы эфект.
Асобна дакладчык спыніўся на пытаннях прафілактыкі сямейнага насілля і алкагалізацыі насельніцтва. Гэта невыпадкова, бо большасць злачынстваў здзяйсняецца ў п’яным выглядзе, а сямейныя скандалы завяршаюцца нанясеннем траўмаў. Ва ўрача-нарколага на ўліку стаіць 630 асоб. У ЛПП накіраваны 3 чалавекі, асуджаны і рыхтуюцца да адпраўкі 4, у адносінах да 3 чалавек рыхтуюцца матэрыялы ў суд. Вядзецца барацьба з незаконным вырабам і гандлем алкаголем. Ад грамадзян сёлета паступіла 11 паведамленняў, з якіх 6 пацвердзіліся. З незаконнага абароту канфіскавана 15,3 л алкагольнай прадукцыі, 60 – самагону і брагі, 2 самагонных апарата. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 8 асоб.
Да прафілактычнай работы падключаны ўсе суб’екты прафілактыкі. У 9 ГПАП праведзены 45 пасяджэнняў, на якіх разледжаны 285 асоб. Парведзена 7 выязных судовых пасяджэнняў па накіраванні грамадзян у ЛПП, 2 – па разгляду крымінальных спраў.
Была заслухана справаздача старшыні праўлення райспажыўтаварыства У. Л. Лейзяровіча аб прынятых мерах па прадухіленні крадзяжоў на аб’ектах гандлю.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў акцэнтаваў увагу на навядзенні парадку ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Ён прапанаваў супрацоўнікам РАУС больш актыўна далучацца да гэтай справы.
Актыўны ўдзел у абмеркаванні пытання бралі начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь А. І. Саковіч, начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама М. В. Латышаў, першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці А. В. Сідаровіч. Яны выступілі з канкрэтнымі дапаўненнямі ў праект рашэння.
У прынятым рашэнні адзначаецца, што работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў вядзецца недастатковая. Патрабуецца большая эфектыўнасць у пытаннях барацьбы з п’янствам, сямейнымі недабрабытам і насіллем, прафілактыцы крадзяжоў. Вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы, якія трэба правесці ў кожнай арганізацыі, а таксама з насельніцтвам раёна з мэтай павышэння эфектыўнасці прафілактычнай работы, работы па раскрыцці злачынстваў. Толькі агульнымі намаганнямі можна справіцца са злачыннасцю, забяспечыць парадак і спакой у грамадстве.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №50 ад 28.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *