Вопросы наведения порядка и изучения опыта работы лучших старейшин рассматривались на заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Президент

Ісці ў наступленне, дбаць аб прэстыжы вёскі
Не запусценне, не прыгнечанасць хочацца бачыць у вёсках. Хочацца, каб яна жыла і  радавала сваёй прываблівасцю. І тыя “астраўкі” захламленасці, струхлелых хлявоў і хат, на якія глядзець проста балюча і горка, не робяць гонару вясковаму краявіду.
Шэсць гадоў  у імя парадку ў вёсцы працаваў Указ №70 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які датычыўся ўпарадкавання жылля і пабудоў на вёсцы. Чаму гаворку вядзем у прошлым часе? Таму што з 1 верасня 2012 года ўступае ў сілу новы ўказ кіраўніка дзяржавы за №100, які дае новыя магчымасці для навядзення парадку ў вёсках. Гаворка ідзе перш за ўсё пра магчымасць зносіць ці прыводзіць у норму пабудовы, якія належалі мясцовым гаспадаркам. Словам, трэба, як кажуць,  рабіць уніклівую рэвізію тых пабудоў, да якіх не дайшла рука мясцовай улады. “Трэба рашуча наступаць на беспарадкі, —  пераканана старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла чарговае пасяджэнне райсавета. — Не чакаць, не расслабляцца, а самому ісці да тых, хто псуе выгляд нашай вёскі, не дбае пра яе прэстыж і перспектыву”.
Не ўсё проста давалася па рашэнні адзначанага ўказа. Знесена без малога 700 пабудоў, з іх 280 – за кошт бюджэту. Нямала жылля засталося закінутым,   яно па-ранейшаму псуе вясковы краявід, і што не менш хвалюе – стварае небяспеку ў пажарным плане. Праўда,  тут нямала складаных выпадкаў, калі гаспадары ці спадкаемцы такога гора-жылля чакаюць, адцягваюць час, разлічваюць на выпадак ці паслабленні. У такім разе трэба справы перадаваць у суд. Праз суд “прайшлі” 7 струхлелых дамоў, з іх 6 – у Обальскім сельсавеце.
На Обальскім сельвыканкаме спынілі выбар пры разглядзе ходу выканання ўказа №70.  Старшыня сельвыканкама М. А. Будневіч адзначыў, што абследавана па адзначанай тэматыцы 39 вёсак, усе пустуючыя дамы знесены. Не забыліся пра спарахнелыя і пахілыя дамы і парканы.
Вынесена 11 прадпісанняў, атрымана столькі ж паведамленняў з гарантыямі, што парадак ля ўласных сядзіб будзе. Аднак, як высветлілася, абяцанні выконваюць далёка не ўсе, многія наўмысна адцягваюць час, разлічваючы на тое, што бум схлыне  і ўсё застанецца па-ранейшаму. Такога дапусціць нельга, гаворыць І. М. Новікава.
Шмат пытанняў узнікла па рэкультывацыі занядбаных зямель. Рэкультывацыю трэба праводзіць па-гаспадарску, з розумам, эфектыўна расходаваць бюджэтныя грошы. Калі пустку нельга ўвесці ў севазварот мясцовай гаспадаркі і няма гарантыі, што зямлёй зацікавіцца нехта з забудоўшчыкаў, справу можна адкласці на больш позні час. Аднак гэта не значыць, што там будзе расці дурнап’ян. Рэкультывацыя (а гэта таксама  і разборка падмуркаў) дае магчымасць ажывіць тыя вёскі, дзе ўмовы для жыцця больш прыцягальныя. Адна ўмова: не праводзіць яе стыхійна, без ведама землеўпарадкавальнай службы раёна.
Наступальны характар барацьбы за парадак у вёсцы – галоўнае, што павінна вызначаць работу сельвыканкамаў. І ў гэтай барацьбе істотную падмогу могуць і павінны аказаць старэйшыны і дэпутацкі корпус. Менавіта па рабоце Сіроцінскага сельвыканкама  з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і вялася гаворка па  другім пытанні парадку дня пасяджэння  прэзідыума. Старшыня сельвыканкама В. А. Пастарнакова ў  сваёй справаздачы сказала, што на тэрыторыі сельсавета абраны 10 старэйшын, працуюць 12 дэпутатаў мясцовага Савета дэпутатаў.   Сельвыканкам у сваёй рабоце заўсёды абапіраецца на гэтыя грамадскія суполкі, стараецца падтрымаць іх і маральна, і матэрыяльна.  Вольга Аляксандраўна вылучыла сярод старэйшын двое – з вёсак Сянькова і Зямцы-Тропіна Е. С. Лявонаву і І. Я. Апоркіна. Гэтыя людзі аддаюць грамадскім абавязкам увесь свой вольны час. Ефрасіння Сысоеўна ніколі не стаіць у баку ад праблем вёскі, яна завадатар ўсіх святаў і ўрачыстасцяў у Сянькове.  Яна згуртавала вёску,  аб’яднала ўсіх з тым, каб жылося і весела, і цікава. У радасці яны разам, у горы – таксама. У вёсцы даўняя праблема з пітной вадой, і Е. С. Лявонава выйшла на дэпутата Л. А. Даўгілаву, і з прывозам вады вяскоўцам бяды вялікай няма.
Іван Ягоравіч таксама гарой стаіць за свой замцоўска-тропінскі люд. У яго ёсць свой трактар, і ён нікому не адмаўляе – ці абараць трэба зямлю, ці прывезці дроў, сена, саломы. Словам, і Е. С. Лявонава, і І. Я. Апоркін – альтруісты, людзі, якія не лічацца ні з часам, ні са здароўем у імя таго, каб аблегчыць вяскоўцам цяжар праблем і клопатаў.
Дарэчы, у панядзелак раніцой, у час, калі  набіраўся на камп’ютары газетны матэрыял з прэзідыума райсавета, у рэдакцыю пазваніла Е. С. Лявонава. “Перадайце падзяку работнікам Слабадскога клуба, – папрасіла Ефрасіння Сысоеўна. – Яны нас пацешылі на мінулыя выхадныя, наладзілі свята вёскі Сянькова. Прынеслі для нас такую радасць, якую мы ніколі не забудзем.  Люба Догель іграла на баяне, і мы, старыя,  нават кінуліся ў скокі…”
Дробязь — пазваніць, падзякаваць, а не забывае на гэта Ефрасіння Сысоеўна. Таму і любяць яе вяскоўцы, таму і цэняць, бо ўсю сябе аддае яна сваёй роднай вёсцы.
Вырашана абагульніць вопыт работы лепшых старэйшын  Сіроцінскага сельсавета, каб на добрым прыкладзе і самаадданасці вучыліся іншыя старэйшыны вёсак раёна. І, вядома ж, актыўна падключалі да работы дэпутацкі корпус.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *