Адресная помощь для подготовки детей к школе

Общество

Можна разлічваць на дапамогу
Калі вы маеце дзяцей-школьнікаў, то наўрад ці  цэны на школьную вопратку, абутак і ўсё іншае – вялікае для вас адкрыццё. Што граху таіць, поўнасцю сабраць дзіця ў школу – трэба паднатужыцца. А калі школьнікаў у сям’і двое-трое?..  Як варыянт, азадачваць сябе гэтым можна ўсё лета, каб у жніўні не здарылася аўралу, але ж, як паказвае жыццё, такі рацыяналізм пад сілу далёка не многім. Часцей за ўсё бацькі чакаюць жнівеньскай зарплаты і закупляюцца ўсім неабходным у самы апошні момант. Прызнацца, такі ход падзей не дужа даспадобы педагогам, таму яны ўжо даўно пачалі наведваць сем’і і правяраць, як там турбуюцца пра падрыхтоўку дзяцей да новага навучальнага года. Тычыцца гэта часцей  сем’яў з нестабільным дабрабытам. Варта адзначыць і тое, што гэта дае вынік: ёсць і такія бацькі, што падрыхтавалі сваіх дзяцей да 1 верасня на ўсе 100%.
У той жа час сацыяльныя службы занепакоены тым, што іх недапушчальна мала турбуюць бацькі наконт атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі. “Не адчуваецца хвалявання з боку бацькоў. А пры веданні цэн, узнікае сумненне, што да 1 верасня мы паспеем зрабіць усё неабходнае” — выказвае занепакоенасць С. В. Валекава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Святлана Валянцінаўна расказала, што на дапамогу могуць разлічваць сем’і, даход на аднаго чалавека ў якіх не перавышае сумы ў 843 тысячы рублёў, шматдзетныя і малазабяспечаныя. Пасля прадстаўлення неабходных дакументаў спецыяльная камісія вырашыць, каму варта выдзеліць грашовую дапамогу і ў якім памеры. За даведкамі можна звяртацца па тэлефоне 4-27-07 і не адцягваць такі важны этап, як зборы ў школу, да апошняга моманту (нягледзячы на тое, што прагучыць першы школьны званок не 1, а 3 верасня).
І яшчэ. Райспажыўтаварыства, як і звычайна, прапануе бацькам у крэдыт (без працэнтаў і першапачатковых узносаў)  на тры месяцы ўзяць усё неабходнае для дзяцей: вопратку, абутак, канцылярскія тавары і іншае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №64 ад 14.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *