«Чалавек года Шуміліншчыны»: Аксана Бараноўская

Главное Общество Экономика

Пазітыў знаходзіць ва ўсім

Ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес» атрымала БАРАНОЎСКАЯ Аксана Рыгораўна, здымшчык-укладчык цэха № 2 адкрытага акцыянернага таварыства «Обальскі керамічны завод».


Апошнія адзінаццаць год Аксана Бараноўская працуе на Обальскім керамічным заводзе. Да гэтага былі торфапрадпрыемства і мясцовая бальніца. Як сама прызнаецца, працаваць на керамічным яна хацела з пачатку працоўнай дзейнасці. «Памятаю, як першы раз прыйшла ўладкоўвацца на завод, – з усмешкай расказвае Аксана Бараноўская. – Прыйшла ў аддзел кадраў, на мяне глянулі і сказалі “Ты занадта худая і слабая. Завод – гэта не для цябе”. Вось і прыйшлося са слязьмі на вачах ісці дадому».
Тая няўдача з уладкаваннем на завод не стала для Аксаны Бараноўскай трагедыяй: «Прыйшоў момант, калі зразумела, што ў жыцці нічога не бывае выпадковага, – дзеліцца жанчына. – У любой сітуацыі трэба бачыць пазітыў. Толькі ў такім выпадку ўсё атрымаецца».
Жаданне працаваць на керамічным заводзе не знікла. Па яе словах, таму і «вырашыла паспрабаваць злавіць птушку шчасця ў другі раз». І ёй прапанавалі стаць здымшчыкам-укладчыкам. Праўда, папярэдзілі, што гэта праца манатонная і фізічна цяжкая. Назаўтра Аксана Бараноўская ўжо выйшла на змену. Гэта зараз яна называе сваю работу лепшым фітнесам для жанчын. А вось як даліся жанчыне першыя месяцы работы – практычна ніхто не ведае.
«Ад фізічнай нагрузкі балела ўсё, – успамінае Аксана Рыгораўна. – Спіна не разгібалася, ногі і рукі не слухаліся. Але здавацца я не збіралася. Дзе цярпела, дзе ў гумар пераводзіла, а дзе проста маўчала. У рэшце рэшт проста захацела сабе даказаць, што магу тут працаваць. І змагла. Мне здаецца, што жанчыне любая справа скарыцца, калі ў яе ёсць жаданне». Рабочая змена Аксаны Бараноўскай – 8 гадзін, за якую ўкладваецца больш за трыццаць паддонаў цэглы, а кожны паддон – гэта 330 штук цэглы.
Яна ўжо даўно прывыкла да такога рытму работы, а лепшы адпачынак для яе – хатнія клопаты. Аксана Рыгораўна любіць жыццё і ва ўсім знаходзіць толькі пазітыў. Таму ніхто з родных не здзіўляецца, калі пасля змены Аксана стаіць ля пліты, каб пачаставаць блізкіх булачкамі ці пірагамі.
«Ды я ўсё люблю, – смяецца яна. – У лес за ягадамі схадзіць – радасць, пакапацца ў агародзе – задавальненне. Ёсць хобі – люблю вязаць. Ды і свой любімы серыял па тэлевізары спрабую не прапусціць. А ў свае выхадныя з чатырохгадовым унукам Сашам час баўлю».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №90 ад 17.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *