Рамонт з рэканструкцыяй
Пачынаючы з вясны, тэрыторыя вытворчага цэха г. п. Шуміліна ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» ператварылася ў адну вялікую будаўнічую пляцоўку. Тут працуе некалькі брыгад з Віцебска, Полацка і Мінска. Кіраўніцтва Верхнядзвінскага масласырзавода клапоціцца пра якасць выпускаемай прадукцыі, таму прыняло рашэнне распачаць у шумілінскім цэху рамонт з элементамі рэканструкцыі.
Экскурсію па аб’ектах правёў начальнік цэха Сяргей Шыбакоў.
Верхнядзвінскі масласы-рзавод мае сучасны парк тэхнікі, многія малакавозы здольныя адразу перавезці больш як трыццаць тон малака. Новыя аўтамабілі маюць вялікія габарыты і патрабуюць пэўных умоў прыёмкі сыравіны. Таму ў першую чаргу распачалі рамонт з рэканструкцыяй памяшкання мыйкі аўтамабільных малочных цыстэрнаў з уладкаваннем прыёмкі малака.
«Наша прадпрыемства выйграла тэндар на рэканструкцыю памяшкання мыйкі, – расказаў прараб ТАА “Оберст” з Віцебска Віталь Захараў. – Мы ўжо ўзвялі прыбудову, цяпер па-мяшканне стала на 3,5 метра шырэй. Работ яшчэ дастаткова: зрабіць цэментную падлогу, абабіць сцены металічнымі лістамі». Да таго ж, тут заменяць мыечнае абсталяванне на новае. У адным памяшканні будзе знаходзіцца пункт прыёмкі малака (тут установяць новыя ёмістасці для захоўвання сыравіны) і лабараторыя – такі адзіны зладжаны механізм зручны для работы людзей.
Падыходзім па памяшкання цэха, дзе даводзяць да ладу фасад. Праведзены бягучы рамонт даху ўчастка вытворчасці сыроў (1400 метраў квадратных), часткова заменена цагляная кладка, вядзецца тынкоўка сцяны. Фасад – гэта твар прадпрыемства, фасад павінен выглядаць прыгожа. Так і будзе. Ужо падабраны карпаратыўныя колеры Верхнядзвінскага масласырзавода – бардовы і жоўты – для афарбоўкі.
Наступны аб’ект – кацельня. Побач стаіць пад’ёмны кран – рабочыя рамантуюць дах. Крыху пазней будзе заменена дымавая труба – аб’яўлены тэндар на выбар падрадчыка.
«Плануем яшчэ правес-ці мадэрнізацыю ўчастка па згушчэнні сыроваткі, – кажа Сяргей Шыбакоў. – Для гэтага будуць устаноўлены новыя вялікія ёмістасці для захоўвання сыравіны. Гэта дазволіць павялічыць аб’ём выпускаемай прадукцыі. Усяго ў гэтым годзе плануецца ўкласці ў рамонт прадпрыемства больш за мільён рублёў інвестыцый».
У вытворчага цэха г. п. Шуміліна ёсць планы і на перспектыву. Закончаны праектныя работы па рамонце ачышчальных збуда-анняў, зараз шукаюць падрадчыка, які заменіць помпавае і паветранадуўнае абсталяванне на новае. Гэта дазволіць павялічы-ць якасць ачысткі сцёкавых вод і значна знізіць энергазатраты. А яшчэ аб’яўлены тэндар на закупку новай станцыі абезжалезвання: для работы цэха патрабуецца нямала вады высокай якасці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


