Шумилинские льноводы ведут заготовку тресты

Экономика

І льнаводы глядзяць на неба
Павялічыць плошчы прымусіла жыццё: у мінулым годзе не атрымалі запланаваныя 1800 тон трасты для работы прадпрыемства пад поўную загрузку. Каб выжыць і забяспечыць людзей работай, куплялі 500 тон трасты ў Талочыне і Полацку. А гэта для завода зусім нявыгадна.
“Думаем, у гэтым годзе ўласнай  трасты будзе дастаткова для двухзменнай работы прадпрыемства ажно да будучага ўраджаю,  – кажа дырэктар льнозавода Аляксандр Мар’янавіч Папіна. –  Траста ідзе нумарам 1-1,25, не ніжэй. Ураджай сёлета добры: атрымліваем тры тоны льнотрасты з аднаго гектара. Ураджайнасць па валакну складае 9-10 цэнтнераў з гектара. Пасеялі лён у сціслыя аптымальныя тэрміны, своечасова правялі хімпраполку, удосталь падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі плюс надвор’е паспрыяла – вось і вынік ёсць. Галоўнае –  убраць вырашчанае”. А з гэтым якраз праблемы, бо на мінулым тыдні задажджыла, і тры дні льнокамбайны ўвогуле не маглі прыступіць да работы. Здаецца, і з церабленнем не зацягнулі, пачалі яго ў сярэдзіне ліпеня, але на 17 жніўня было выцераблена толькі 424 гектары. “Калі б было сонечна, то з уборкай рэальна справіліся б дзён за дзесяць, – лічыць аграном льнозавода Руслан Яцкевіч. – У нас ёсць 8 льнокамбайнаў, 2 самаходныя церабілкі, 13 прэс-падборшыкаў, прычым, два з іх – зусім новыя. Ну, а з адвозкай дапамагаюць шэфы Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. Людзі настроены на сур’ёзную работу, але сёння няма галоўнага – надвор’я”.
З-за дажджоў церабіць лён прыходзіцца ўрыўкамі – па некалькі гадзін за дзень. Такія марудныя тэмпы не задавальняюць спецыялістаў завода, якія з надзеяй пазіраюць на неба. Хвалююцца і за тое, што і льносемя нарыхтавалі ўсяго 24 тоны, што з новага ўраджаю прывезлі з поля ўсяго 70 тон льнотрасты, выпрацавалі 9 тон кароткага і 6 тон доўгага валакна.
Парадаваў гатунак “лізэ” замежнай селекцыі, пад які адвялі 470 гектараў. “Агульны выхад валакна з трасты “лізэ” атрымліваецца 30-33% , – падлічыла тэхнік-лабарант прадпрыемства Л. М. Фандарэнка. – І мы задаволены гэтым”.
Пытаемся ў дырэктара льнозавода пра лепшых работнікаў, на якіх трымаецца прадпрыемства. Аляксандр Мар’янавіч называе Міхаіла Слямнёва і Ігар Літвіна (яны працуюць на льнокамбайнах), Юрыя Гарлачова і Сяргея Васілеўскага (працуюць на льноцерабілцы і КЗС-10 адпаведна). А “касцяком льнозавода” назваў механізатараў, якія задзейнічаны на пагрузцы-разгрузцы –  Віктара Бараноўскага і Сяргея Лялюгу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 21.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *