Новые направления деятельности осваивает Шумилинский участок электросвязи

2023 – Год мира и созидания Главное Новости Экономика

Курс – на новыя напрамкі дзейнасці

З якімі вынікамі падышоў да фіналу 2023 года Шумілінскі ўчастак электрасувязі Віцебскага ЗУЭС Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам», а таксама пра планы і задачы на 2024 год расказаў начальнік участка Юрый Маскалькоў, дэпутат раённага Савета дэпутатаў.

«Шумілінскі ўчастак годна завяршае бягучы год, усе задачы, планавыя заданні, якія былі пастаўлены па бізнес-плану, будуць выкананы ў поўным аб’ёме. Наш невялікі калектыў, які налічвае 25 чалавек, на працягу года займаўся рамонтам збудаванняў сувязі, будаўніцтвам ліній сувязі, выконваў заяўкі жыхароў раёна і арганізацый, правод-іў наладку абсталявання і іншае.

Вырашана задача па забеспячэнні шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт у населеных пунктах з колькасцю больш за 50 двароў.

Удзельнічалі ў вучэннях МНС: разгортвалі вузел сувязі, атрымалі выдатную ацэнку. У лістападзе падключылі рэгіён да платформы “Мой горад” – гэта новы крок ў інфармацыйным забеспячэнні патрэб насельніцтва», – адзначыў Юрый Маскалькоў.

Разам з задавальненнем заявак спажыўцоў на паслугі сувязі (устаноўка тэлефонаў, падключэнне Інтэрнэту і тэлебачання) арганізацыя працягвае мадэрнізацыю сетак сувязі з заменай на оптавалаконныя лініі сувязі. Гэтая работа вядзецца не першы год, і сёлета з завяршэннем работ у мікрараёнах так званай «Залініі» і Брыкет Шуміліна будзе поўнасцю, уключаючы прыватны сектар, пераведзена на новыя лініі сувязі.

Наступны напрамак – мадэрнізацыя ліній сувязі на сяле. У бягучым годзе гэтыя работы праведзены ў аграгарадках Слабада, Амбросавічы і Мікіціха (прыватны сектар), вёсках Грабніца, Філіпенкі і Непароты. За год асвоена больш за 2 мільёны рублёў інвестыцый.

Па словах Юрыя Маскалькова, распрацаваныя перспектыўныя планы мадэрнізацыі да 2025 года ўключаюць г. п. Обаль (прыватны сектар), аграгарадкі Башні і Мішневічы. Участак актыўна працуе па распрацоўцы новых напрамкаў дзейнасці, менавіта яны стануць перспектыўнымі ў будучым.
Так, сёлета сталі карыстацца папулярнасцю паслугі відэакантролю. Відэакамеры ўстанаўліваюць як арганізацыі і прадпрыемствы, так і грамадзяне, асабліва для кантролю прысядзібных ўчасткаў і прылеглых тэрыторый.

Актыўна набірае абароты рэалізацыя тавараў. Пашыраецца асартымент тавараў, якія можна набыць ў «Белтэлекаме». «Калі раней прапаноўвалі ў большай ступені электронныя тавары, то зараз іх асартымент расце за кошт электрабытавой тэхнікі. Ён будзе павялічвацца і ў 2024 годзе. Прапануем жыхарам раёна сродкі індывідуальнай мабільнасці – электрасамакаты, электравеласіпеды і іншае. Нашай перавагай перад іншымі прадаўцамі з’яўляецца растэрміноўка без павелічэння цаны», – заўважыў Ю. Р. Маскалькоў.

Будзе пашыраць свае магчымасці і інфармацыйная платформа «Мой горад. Шуміліна». Ужо зараз рэгіянальны партал уключае больш за 50 арганізацый раёна. Тут можна даведацца пра арганізацыі, іх сферу дзейнасці, кантактныя нумары тэлефонаў, рэжым работы, адрасы, навіны, атрымаць іншую інфармацыю. Па меры развіцця праекта будзе пашырацца і колькасць карыснай інфармацыі, якую можна знайсці. У прыватнасці, для развіцця турызму будзе карысная праграма «Васільковы край» з інфармацыяй аб турыстычных славутасцях і мясцінах рэгіёна.

«Шумілінскі ўчастак упэўнена крочыць у будучае. Мы гатовы даць жыхарам раёна поўны спектр паслуг сувязі і не толькі. А развіццё тэхнікі і тэхналогій пераводзіць гэтыя паслугі на новы ўзровень якасці, што асабліва актуальна ў Год якасці, якім аб’яўлены 2024 год, – падсумаваў Юрый Маскалькоў і павіншаваў са святамі. – З надыходзячым Новым годам і Калядамі! Запрашаю ўсіх у наш сэрвісны цэнтр, дзе можна выбраць годныя падарункі для сябе, родных і сяброў».

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *