Вечная дилемма воспитания: «Бить или не бить?»

Образование Общество

Біць ці не біць?
Дапушчальна ці не лупцаваць сваіх дзяцей? Ці дапамагае гэта вырасціць з іх “нармальных” людзей? Колькі разоў на тыдзень варта здзяйсняць працэдуру, і рамень якой таўшчыні дае найлепшы эфект? Утрырую, канешне, але многія маладыя бацькі на самой справе ўпэўненыя ў тым, што толькі з дапамогай рэгулярных фізічных пакаранняў магчыма сапраўднае “якаснае” выхаванне дзяцей.
Асабіста для мяне як для маці такое пытанне ніколі не стаяла. Па вопыту ведаю, што і ўзнімаць гэтую тэму – няўдзячная справа, бо абавязкова знойдуцца такія, хто з вышыні свайго ўзросту паблажліва кіне: “Мы сваіх лупцавалі – і нічога: людзьмі выраслі” ці “А хто ж, калі не бацькі, павінны навучыць дзяцёнка розуму” і да таго падобнае.
Нагоду выказацца дала карціна, якую прыйшлося назіраць нядаўна ля аднаго з магазінаў Віцебска. Хачу адразу заўважыць, што ўразілася не толькі я: ля маладой мамы, што прама на вуліцы “выхоўвала” свайго трохгадовага (на выгляд) сына, літаральна спыняліся прахожыя.
Малы лямантаваў дзікім крыкам, здаецца, на ўвесь горад. А маці старанна і з непадробнай, вытанчанай жорсткасцю выкручвала яму вуха, прыгаворваючы: “Не дай бог ты мне яшчэ…”. Выкручвала, матляла ва ўсе бакі, здаецца, адрывала ад зямлі.
Цяжка ўявіць, што ж такога страшнага магло зрабіць гэтае малое, каб так усур’ёз над ім здзекавацца, прыносіць такія фізічныя пакуты. Хлопчык тросся, як асінавы ліст, пакуль маці выгаворвала, даводзіла, які ён дрэнны і нязносны. Плакаў, ніяк не мог спыніцца, за што атрымаў яшчэ важкую аплявуху: маці заўважыла, што стала прыцягваць увагу прахожых і такім чынам вырашыла “супакоіць” сына.
Гэта была страшная карціна. Мне, выпадковаму сведку, прыйшлося яшчэ доўга адыходзіць ад убачанага: цяжкім уражаннем сапсаваны быў увесь дзень. Дужа складана было пераключыцца на іншую тэму: усё думалася пра хлопчыка і ягоную мамку.
Па ўсім відаць, гэтая жанчына ў вядомым сэнсе паспяховая маці (яны былі добра апранутыя, маці – з прычоскай і макіяжам. Маладая. Добра выглядае (пэўна ж – не п’е). Наўрад ці іх сям’я на ўліку як сацыяльна небяспечная, наўрад ці нейкія сацыяльна-псіхалагічныя службы бачаць нагоду працаваць з гэтай маці, прыгледзецца да яе паводзін, западозрыць, што дзіцяці ў гэтай сям’і можа быць некамфортна. Але калі жанчына не можа стрымаць свае эмоцыі нават “на людзях”, то няцяжка ўявіць, што яна дазваляе сабе адзін на адзін з сынам.
Чаго яна хоча? Выхаваць у характары свайго сына нейкую канкрэтную, неабходную для яго рысу; давесці пэўную думку; дабіцца, каб ён зрабіў вывады, усвядоміў нешта? Сумняваюся. Жанчына проста не ў стане сябе кантраляваць, а сарвацца на малога – самае простае і даступнае. Выходзіць, і ніхто нічога не можа зрабіць, неяк дапамагчы дзіцяці. Яна ж мама.
А калі на хвіліначку ўявіць, што гэтую самую маму, да прыкладу, лупцуе ва ўсіх на вачах які-небудзь умоўны дзядзька, выкручвае ёй вуха, прыніжае маральна. Можна выклікаць міліцыю, можна, зрэшты, умяшацца ў бойку, разняць яе, дапамагчы таму, каго крыўдзяць. У выпадку ж, калі бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей прымяняюць фізічнае насілле, яўна ці схавана, умешвацца лічыцца некарэктным.
Можна дапусціць, што ўсе недалюбленыя  дзеці вырастуць добрымі людзьмі, будуць прапаведаваць самыя высокія ідэалы, дэманстраваць сваім жыццём усё выключна станоўчае і правільнае, нікому не прыносіць праблем і клопату… Толькі галоўнае – не гэта. Галоўнае, каб 35-гадовы дарослы мужчына ў разгар няпростага працоўнага дня раптам усміхнуўся, успомніўшы, што ў яго ёсць мама.
А на вашу думку, ці магчыма выхоў-ваць дзяцей, не прымяняючы фізічных метадаў унушэння? Выказвайце сваю думку ў каментарыях да матэрыялу на сайце раённай газеты.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №70 ад 05.09.2012



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *