Выездное заседание комиссии по делам несовершеннолетних прошло в Кардоне

Актуалии Общество Президент Семья

Дзяўчаты і хлопцы чырванелі, бялелі, плакалі
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, штомесяц праводзіць свае пасяджэнні. Тым не менш паток падлеткаў, якія так ці інакш аступіліся на жыццёвай дарозе, не меншае.
На гэты раз  разглядаліся адміністрацыйныя справы па месцы вучобы дзяцей.  На выязную камісію (пасяджэнне адбывалася ў сельскім клубе ў Кардоне) былі запрошаны не толькі парушальнікі грамадскага парадку, але і  ўсе старшакласнікі Кардонскай школы.  Бо размова ішла пра іх сяброў і знаёмых. І  выйсці перад усімі (зала сельскага клуба ў гэты дзень была поўнай), растлумачыць свае паводзіны  перад бацькамі, настаўнікамі, аднакласнікамі  было сорамам для тых чатырох падлеткаў, якія былі запрошаны на камісію. Хлопцы і дзяўчаты чырванелі, бялелі, плакалі…
У кожнага з іх  розныя сем’і, розныя інтарэсы і схільнасці, але чамусьці  ўсіх іх да гэтай ганьбы  прывяла выпіўка. Напрыклад, дзве дзяўчыны (абедзвюм па трынаццаць гадоў) пілі ў лясным масіве піва. Адна з іх сцвярджала, што пакаштавала ўсяго глыток, калі сядзелі з сяброўкай на пяньках у лесе…
Мэта камісіі – папярэдзіць, прадухіліць больш цяжкія наступствы, каб у юным жыцці не было гэтых ”пянькоў”,  каб дзеці не спатыкнуліся ў жыцці і не ўпалі на яго абочыну.
Улічваючы тое, што дзяўчаты трапілі ў поле зроку міліцыі ўпершыню, камісія была лаяльнай  – прысудзілі бацькам усяго па 200 тысяч штрафу замест максімальнага ў мільён рублёў. А колькі каштуе сорам?  Ці не задорага за адзін глыток піва?
Наступны падлетак выглядаў даволі дарослым. Але гэта толькі знешне. У свае 16 гадоў, будучы нецвярозым, ён учыніў скандал даросламу чалавеку. Разборкі местачковага характару ні да чаго добрага не прывялі.
Другі падлетак не прыехаў дадому, а застаўся начаваць на вакзале ў абласным цэнтры. Віцебскія міліцыянеры забілі трывогу….
Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч, падобныя выязныя пасяджэнні з разглядам адміністрацыйных спраў і запрашэннем на іх грамадскасці будуць практыкавацца і надалей.
Пакуль што дзяцей пакінулі матулям
На камісію па справах непаўналетніх былі запрошаны і дарослыя, чые паводзіны, мякка кажучы, жадаюць быць лепшымі.
Перад камісіяй стаіць даволі маладая жанчына. Яна была на бальнічным, але гэта не перашкодзіла ёй напіцца, ды яшчэ разам з маці. Жанчына не адмаўляла сваёй віны. Клялася (у каторы раз?), што больш ніколі гарэлкі ў рот не возьме. Ёй ужо давалі “апошні шанс”, таму камісія была настроена сур’ёзна: пазбавіць  бацькоўскіх правоў. Але на камісію з’явіўся бацька. Ён  у разводзе з былой жонкай, па месцы работы характарызуецца станоўча, мае годнае жыццё. Ён заявіў, што гатовы забраць сына да сябе. І хлопчык не супраць. Маці не пярэчыла, з палёгкай згадзілася, што яе сыну лепш будзе жыць з бацькам. Жанчыну  пакуль не пазбавілі бацькоўскіх правоў, ёй бачыцца з сынам не забаронена.
Слухаючы  гісторыю гэтай сям’і, начальнік аддзела адукацыі  П. У. Спірыдонаў выказаў думку, што ўсё часцей на камісіях становіцца сорамна не за мужчын,  а за жанчын, за маці. І гэта страшна. А на камісію ў Кардоне запрасілі адных жанчын…
Калі ў залу зайшла наступная з іх і стала сцвярджаць, што ўжо некалькі дзён не п’е і нават стала на ўлік да ўрача-нарколага, члены камісіі, не стрымліваючы сваіх эмоцый, запыталіся:
–  А вы ў люстэрка сябе бачылі?
Сінюшны твар выдаваў п’яніцу. Члены камісіі  расказалі, што ў гэтай сям’і няма нармальных умоў для дзіцяці,  хаця заробак мужа і жонкі дазваляе купіць і добрую мэблю, і пасцельныя прыналежнасці. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі А. В. Налецкая  настойвала на адабранні дзіцяці, каб памясціць яго ў прытулак. “Там хоць ніхто не курыць і не п’е гарэлку. Ды і накормлены дзеці рэгулярна”,  – аргументавала Анастасія Віктараўна.  Але  і гэтай жанчыне далі шанс, бо на пасяджэнне прыйшла бабуля і вельмі прасіла,  каб ўнучку (яна ж яе і даглядае), не забіралі ў прытулак…
А вось за наступную “гераіню” прасіць не было каму. Нават тыя аднавяскоўцы, якія раней ёй дапамагалі (шкадавалі, што жанчына адна выхоўвае траіх дзетак), пачалі абурацца. І калі раней ў доме была антысанітарыя, то цяпер жанчына яшчэ і за чарку ўзялася.  Яна пераконвала ўсіх, клялася…  Тым не менш, сацыяльная служба Кардонскай школы, запэўніла, што і ў гэтым выпадку ёсць шанс. Пакуль што дзяцей пакінулі з маці.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №74 ад 18.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *