Криминал. Происшествия

Происшествия

Абавязаная
Жыхарка в. Гаравыя раней была двойчы асуджана за тое, што не выплачвала дзяржаве грошы за выхаванне яе траіх непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца ў прытулку. Першы раз жанчыну асудзілі да 240 гадзін грамадскіх работ, на другі – да трох месяцаў арышту. Жанчыне  зноў дапамаглі ўладкавацца на працу. Аднак працавала яна дрэнна, прагульвала.  На гэты раз супрацоўнікамі Шумілінскага аддзела Следчага камітэта супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па арт. 174, ч. 3 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей”. Жанчыне пагражаюць выпраўленчыя работы ад аднаго да двух гадоў або арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі ад аднаго да чатырох гадоў, або пазбаўленне волі да двух гадоў.
Грошы
У міліцыю звярнулася жыхарка а.- г. Светласельскі і расказала, што ў яе з кватэры прапала 400 тысяч рублёў. Па гарачых слядах крадзеж быў раскрыты. Як высветлілі міліцыянеры, напярэдадні пацярпелая распівала спіртное з аднавяскоўцам. Ён і прыбраў да рук чужыя грошы.
Злачынствы
За студзень-жнівень бягучага года ў нашым раёне зарэгістраваны 172 злачынствы (на 40 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). Адбылося 104 крадзяжы, у тым ліку 56 з іх – з жылля. Зарэгістравана таксама 4 факты грабяжу,  адзін угон і адзін разбой.
Самагон
У гэтым годзе супрацоўнікамі РАУС канфіскавана 42,1 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці і 5224 літры самагону і самагоннай брагі. Да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны продаж алкаголю прыцягнуты 19 чалавек.
На трактары
Работнікі ДАІ часта правяраюць механізатараў і вадзіцеляў на іх рабочых месцах. Так, нядаўна ў поле зроку работнікаў дзяржаўтаінспекцыі трапіў механізатар прадпрыемства меліярацыйных сістэм, які працаваў ля Язвіна.  Мужчыну за тое, што ён нецвярозы сеў за руль, пазбавілі вадзіцельскіх правоў на тры гады. Яму таксама прыйдзецца заплаціць немалы штраф.
На “Аўдзі”
Жыхар Віцебска, які на аўтамабілі “Аўдзі-А8” ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк, ля Язвіна перавысіў хуткасць. Як высветлілася, віцяблянін яшчэ раней быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Нягледзячы на гэта, ён зноў сеў за руль аўто. На гэты раз мужчыну пагражае штраф да 4,5 мільёна рублёў.
На скутары
Жыхар Лявонава, пазбаўлены ва-дзіцельскіх правоў, пасля гэтага двойчы садзіўся за руль транспартных сродкаў. Трапіў у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ і ў трэці раз: ехаў па вёсцы на скутары. Цяпер мужчыну пагражае штраф да пяці мільёнаў рублёў.
Без флікераў
У верасні супрацоўнікі ДАІ ў цёмны час сутак спынілі па раёне 52 чалавекі, якія ішлі па дарогах без святловяртальных элементаў. Штраф за дадзенае правапарушэнне – ад адной да трох базавых велічынь. Прычым, 11 чалавек пры гэтым былі яшчэ і нецвярозымі (штраф у дадзеным выпадку – ад трох да пяці базавых велічынь).
Па матэрыялах РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №76 ад 25.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *