На “прямую линию к председателю райисполкома позвонили около 30 человек

Актуалии Общество Президент

У Обалі пабудуецца свідравіна  і запаляцца лямпачкі
У сераду 26 верасня старшыня райвыканкама У. П. Куранны правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях. За тры гадзіны работы да кіраўніка раёна звярнулася каля трыццаці чалавек.
Праўда, некаторыя з гэтых зваротаў уразілі сваёй, як бы гэта памякчэй сказаць, дробязнасцю. Не, зразумела, што адносіны з суседам – гэта важна, але калі ўжо разгарэлася міжсуседская вайна, то чым тут дапаможа старшыня райвыканкама, што яму больш рабіць няма чаго?
Ці вось яшчэ прыклад:
– Трэба замяніць у кватэры рамы, паставіць лічыльнікі вады, –  выказвае свой клопат жыхарка Шуміліна.
– Чыя кватэра? – пытаецца старшыня райвыканкама.
– Кватэра на балансе УП ЖКГ.
– А вы заяву пісалі?
– Не, не пісала, вырашыла вам пазваніць…
Яшчэ адна жанчына звярнулася да кіраўніка раёна з просьбай адрамантаваць ганак. Наогул, ствараецца ўражанне, што многія жыхары замест таго, каб самім рашаць свае пытанні, нясуць увесь гэты друз на чацвёрты паверх.
Тым не менш хапала ў гэты дзень і па-сапраўднаму праблемных пытанняў, найперш ад жыхароў Обалі. В. Ю. Аранчак скардзіўся, што ў пасёлку няма гарачай вады. З гэтай турботай звярнулася і  Л. Г. Слышанкова, яна ж  паведала і пра тое, што камунальнікі ў час не паклапаціліся пра вулічнае асвятленне і зараз на вуліцах Обалі цёмна.
Па асвятленню У. П. Куранны даў распараджэнне УП ЖКГ да канца тыдня выправіць сітуацыю. Што датычыцца вады, Уладзімір Пятровіч запэўніў, што райвыканкам ведае праблему, прасіў абальчан пацярпець, тлумачыў, што ў Обалі ў хуткім часе пачнецца будаўніцтва новай свідравіны, на гэтыя патрэбы раён ужо выдаткаваў 200 мільёнаў рублёў, знойдзе і яшчэ 700 мільёнаў.
Накапілася ў Обалі пытанняў і рамонту жылля (Т. М. Чарвінская, вуліца Зяньковай, д. 17 – дах цячэ), і па добраўпарадкаванню (А. В. Езавітава, вуліца Даўмана, д. 23  – пасля пракладкі цеплатрасы камунальнікі пакінулі разрыты двор дома і прайсці тут можна толькі ў гумавых ботах).
Як паведаміў старшыні райвыканкама галоўны інжынер УП ЖКГ А. М. Догель, парадак на дваровай тэрыторыі ля дома № 23 па вуліцы Даўмана будзе зроблены да пачатку кастрычніка. А па рамонту дома № 17 на вуліцы Зяньковай пакуль што падрыхтавана праектная дакументацыя на суму 11,6 мільёна, рамонт тут сёлета магчымы толькі пры дадатковых паступленнях у раённы бюджэт.
Недахоп грашовых сродкаў (а тут патрэбны мільярды) не дазваляе падступіцца і да вырашэння пытання, якое ад імя жыхароў “залініі” будзіруе В. П. Раманаў, – будаўніцтва пераходнага мосту праз чыгунку.
У ходзе “прамой лініі” былі ўзняты і яшчэ некаторыя пытанні. Напрыклад, па ўборцы пад’ездаў. Многія шумілінцы скардзіліся на тое, што пад’езды  не ўбіраюцца тыднямі. А адна з жыхарак аграгарадка Слабада выказала думку, што больш парадку і чысціні было, калі жыхары самі ўбіралі пад’езд, што гэта фарміравала ў людзей пачуццё адказнасці і гонару за сваё жыллё.
Ці вось яшчэ адна тэма: нарэзка шкла. Чаму ў той жа Обалі няма куды звярнуцца за такой паслугай і чаму б гэтым не заняцца УП ЖКГ ці камбінату бытавога абслугоўвання.
Да кіраўніка раёна звярталіся і тыя, хто хацеў падзяліцца сваімі думкамі ці проста пазнаёміцца. А вось М. П. Воднеў выказаў старшыні райвыканкама падзяку ад імя жыхароў вуліцы Ленінскай за тое, што іх  вуліца і многія іншыя набылі новы добраўпарадкаваны выгляд.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №77 ад 28.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *