Хлопчыкаў нарадзілася больш, у топе імёнаў для дзетак – Арцём і Анастасія
Прыведзеныя ў публікацыі лічбы датычацца вынікаў работы органаў рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану раёна і не з’яўляюцца статыстычнымі дадзенымі.
У 2024 годзе аддзелам загсу і сельскімі выканаўчымі камітэтамі раёна зарэгістравана нараджэнне 47 хлопчыкаў і 36 дзяўчынак. 19 дзетак сталі першынцамі ў сям’і, 26 – другія, 24 – трэція, 6 – чацвёртыя, 4 – пятыя, 1 – шостыя і 3 – сёмыя дзеці ў сем’ях. У адной сям’і з’явіліся двайняткі. Большасць дзяцей нарадзілася ў поўных сем’ях.
Сярэдні ўзрост бацькоў склаў для таты 32 гады, для мамы – 30 гадоў. Самыя маладыя бацькі – 19-гадовы тата і 20-гадовая маці, самым узроставым споўнілася на момант нараджэння дзіцяці 54 і 43 гады адпаведна.
Пры выбары імёнаў бацькамі выкарыстана па 32 мужчынскія і 27 жаночых імёнаў. Самыя папулярныя з іх мужчынскія – Арцём, Яраслаў, Аляксандр, Данііл, Ягор, Кірыл, жаночыя – Ана-стасія, Валерыя, Вераніка, Злата, Сафія. Сярод рэдкіх імёнаў, якія выкарыстоўвалі бацькі, – Марк, Дамінік, Елізар, Лука, Міраслаў для хлопчыкаў, Мія, Амелія, Аміна, Мар’яна, Міраслава для дзяўчынак.
У мінулым годзе зарэгістраваны 52 шлюбы, з іх 13 пар уступілі ў шлюб упершыню. У 39 заключаных шлюбных саюзах для аднаго альбо абодвух шлюб паўторны.
Сярэдні ўзрост асоб, якія ўступалі ў шлюб, склаў для мужчын – 41 год, для жанчын – 40 гадоў. Самаму маладому жаніху і самай маладой нявесце на момант рэгістрацыі заключэння шлюбу споўнілася па 22 і 21 годзе, а самым узроставым – па 65 і 63 гады адпаведна.
Па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчкі пра маёмасць, згодна з арт. 351 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, у 2024 годзе аддзелам загса скасавана 20 шлюбаў. Мінімальная працягласць скасаваных шлюбаў склала 10 месяцаў і 1 дзень, максімальная – 33 гады 10 месяцаў і 25 дзён. Сярэдні ўзрост асоб, якія скасавалі шлюб у аддзеле загсу, склаў 41 год для мужчыні 39 гадоў для жанчын.
У 2024 годзе праведзены два юбілеі сямейнага жыцця – «жамчужнае» і «рубінавае» вяселлі.
Ірына ЯКАЎЛЕВА, начальнік аддзела загсу райвыканкама.

