Новы мастацкі напрамак Вячаслава Дружкіна
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава жывапісу «Два мастакі – два шляхі», на якой прадстаўлены работы члена народнага клуба мастакоў-аматараў «Контур» (Віцебск) і Еўразійскага Мастацкага Саюза Вячаслава Дружкіна і вядомага беларускага савецкага мастака Уладзіміра Белавусава.
На адкрыцці благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі адзначыў, што Бог сапраўды адарыў Вячаслава Дружкіна талентам, і мастак развівае здольнасці.
Вячаслаў Дружкін нарадзіўся ў Казахстане, але цесна звязаны з Шуміліншчынай, дзе нарадзілася яго маці. Яна ў свой час паехала падымаць цаліну, і кожнае лета Вячаслаў з сястрой Надзеяй прыязджаў у роднае Шуміліна. Мастак прызнаўся, што калі жыў у Казахстане, яму не хапала рознакаляровых фарбаў. Усё памянялася, калі ў 1996-м годзе сям’я пераехала на Шуміліншчыну. Вось яны, сакавітыя фарбы, чароўная прырода, хараство кожнага кутка. Менавіта Шуміліншчына падштурхнула мастака да новага творчага этапа. А яшчэ падштурхнуў да творчасці Уладзімір Белавусаў.
«На жаль, з Уладзімірам Пракопавічам асабіста не знаёмы, – расказаў Вячаслаў Паўлавіч. – Але пра яго заўсёды гаварылі ў нашай сям’і, разглядалі карціны, фільмы, дзе ён быў мастаком-пастаноўшчыкам. Уладзімір Белавусаў – стрыечны брат маёй хроснай маці. І гэтая выстава – наша даніна памяці нашаму сваяку».
На гэты раз мастак Вячаслаў Дружкін прадстаў у зусім новым творчым амплуа – як мастак-сюррэаліст і мастак-абстракцыяніст. У гэтых двух мастацкіх напрамках Вячаслаў працуе апошнія два гады, і многія работы ўпершыню выстаўлены на суд гледача.
Палёт фантазіі і фарбаў, рэалістычныя аб’екты, якія ў рэальным жыцці ніколі не могуць апынуцца разам. Вось, напрыклад, карціна «Назад у будучыню» спалучыла егіпецкія піраміды і піраміду Віцебска, каля якіх ідзе караван… Ці ўзяць родныя кожнаму беларусу дуб, рабіну і таполю і перанесці іх на халодную заснежаную Поўнач…
Жыць у Віцебску і не быць мастаком-абстракцыяністам – гэта проста немагчыма. «Хадзіць па вуліцах, па якіх хадзілі Шагал і Малевіч, – разважае Вячаслаў Дружкін. – Як можна адчуваць чароўную атмасферу Віцебска і не разумець абстракцыянізм?». Так і Вячаслаў прыйшоў да абстракцыянізму. «Сем у чорным квадраце Малевіча», «Залатое сячэнне ва ўльтрамарыне». Гэтыя работы, як адзначыла мастак «Контуру» Эваг Авраменка падчас адкрыцця выставы, працягваюць лепшыя традыцыі віцебскіх авангардыстаў. І калі вы лічыце сябе знатаком мастацтва, то вам проста неабходна іх пабачыць.
Падчас мерапрыемства Вячаслаў Дружкін не раз падкрэсліў, што як мастак ён адбыўся і дзякуючы жонцы Наталлі, з якой яны разам ужо 25 год.
Наталля Дружкіна прызналася, што і сама пачала пісаць карціны. У такім разе аматары жывапісу чакаюць у наступны раз на Шуміліншчыне сумесную выставу Вячаслава і Наталлі Дружкіных.
Выстава працуе да 28 лютага.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.




