Ко Всемирному дню почты

Общество

Дайсці да кожнага жыхара
9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты — 138 год з дня ўтварэння сусветнага паштовага саюза, які аб’ядноўвае больш за 190 краін свет. У паштовы саюз уваходзіць і Беларусь. 6 абласных філіялаў, 118 раённых вузлоў сувязі, больш за 3500 аддзяленняў забяспечваюць бесперабойную работу паштовай сувязі нашай краіны. Пошта валодае ўнікальнай магчымасцю — дайсці да кожнага жыхара.
Шумілінскі раённы паштовы вузел — структурнае падраздзяленне Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”. Вось ужо 16 год кіруе калектывам Казімір Гедымінавіч Анацка. У склад РВПС уваходзяць 23 аддзяленні паштовай сувязі (з іх 20 — у сельскай мясцовасці). Арганізаваны адзін міжраённы і чатыры ўнутрыраённых маршрутаў. Для абслугоўвання больш за 200 населеных пунктаў на тэрыторыі раёна арганізаваны 51 даставачны ўчастак, на якіх працуюць 43 паштальёны. Гэта яны дастаўляюць свежую прэсу ў самыя аддаленыя вёсачкі.
Акрамя таго, Шумілінскі РВПС штомесяц абслугоўвае 4470 пенсіянераў, 85 арганізацый. Паштальёны дастаўляюць пенсію на дом, прымаюць плацяжы (за тэлефон, радыё, газ, электраэнергію, паслугі мабільных аператараў), прадаюць тавары паўсядзённага попыту, маркіраваную і немаркіраваную прадукцыю. Плённа працуюць, выконваючы планавыя паказчыкі, паштальёны АПС Амбросавічы Л. С. Пальвінская, АПС Мішкавічы А. П. Папярэдзень, АПС Обаль З. П. Пруднікава, ПАПС №1 Л. І. Зайцава, паштальён гарадскога аддзялення паштовай сувязі Шуміліна 2 Т. В. Савіна. Акрамя прафесіяналізму гэтым паштальёнам уласцівыя вялікая працаздольнасць, уважлівасць да кліентаў, сумленнасць.
Больш за 30 год у аддзяленні паштовай сувязі Сураўні працуе Галіна Уладзіміраўна Вульчанка— вопытны паштальён, добры дарадчык і памочнік вяскоўцам.
Імклівыя перамены адбываюцца ў паштовай сувязі. Каб паспяваць за ўкараненнем новых тэхналогій, неабходны глыбокія прафесійныя веды і практычны вопыт. І яны ёсць. Сёння АПС пераўтвараюцца ў мультысэрвісныя цэнтры, якія аказваюць максімальны пералік паслуг. Кіруюць аддзяленнямі сувязі вопытныя спецыялісты-прафесіяналы, ветэраны працы паштовай сувязі Л. К. Бужынская (АПС Кардон), А. І. Шэдзько (АПС Лявонава). М. С. Багрэц (АПС Мікалаёва), Г. А. Зянькова (АПС Мішкавічы).
Фінансавае становішча вузла паштовай сувязі — важнейшая характарыстыка дзелавой актыўнасці калектыву. Па выніках работы за 8 месяцаў бягучага года выкананы ўсе паказчыкі бізнэс-плану. Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг склала 2127,7 млн. рублёў. Аказана насельніцтву платных паслуг на суму 330,4 млн. рублёў, што складае 129,8% да ўзроўню 2011 года. Дастаўлена 810,9 тысячы газет і часопісаў, 5207 пасылак, 14860 пераводаў, прынята 238 шт. адпраўленняў паскоранай пошты.
Пастаянна праводзіцца рамонт і добраўпарадкаванне будынкаў аддзяленняў паштовай сувязі. Так, сёлета аднаўляюцца АПС Язвіна і Мікалаёва.
Недахоп кваліфікаваных кадраў на сяле, растучыя выдаткі па дастаўцы пошты ў аддаленыя вёскі прымусілі паштавікоў шукаць варыянты аптымізацыі даставачнай службы на сяле. Так у 2009 годзе адкрылася перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі па маршруце Шуміліна-Навікі-Полькавічы. Яно мала чым адрозніваецца ад звычайнага аддзялення. У салоне абсталявана рабочае месца начальніка аддзялення, ёсць камп’ютар і мабільная сувязь. Па ходзе руху машыны вёскі з насельніцтвам да 10 чалавек пераведзены на мотадастаўку пошты і друку. Прапануемы асартымент тавараў у машыне значна большы, чым мог бы даставіць паштальён на дом. Вось ужо 3 гады кіруе перасоўным аддзяленнем паштовай сувязі Валянціна Васільеўна Кітова, якая вызначаецца працалюбствам, спагадлівасцю, сумленнымі адносінамі да работы. Кліенты яе паважаюць.
Але якія б высокія тэхналогіі і сучасныя сэрвісы не ўкараня-ліся ў паштовую сферу, ключавым фактарам у рабоце з кліентам было і застанецца граматнае, якаснае і хуткае абслугоўванне, паважлівыя адносіны да людзей.
А. НОВІКАВА, намеснік начальніка РВПС.
Надрукавана ў №80 ад 09.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *