Новая техника осваивает кукурузные поля

Сельское хозяйство

За чатыры мільярды – 600 конскіх сіл
У ААТ “АграБаравінка” купілі новую тэхніку. Магутнасць кормаўборачнага камбайна КВК-8060 вытворчасці “Гомсельмаш” – 600 конскіх сіл.
“Камбайн каштуе больш за чатыры мільярды рублёў, – расказаў дырэктар акцыянернага таварыства А. І. Мясаедаў. – Тэхніку набылі па лізінгу. Прычым два мільярды нам выдзелілі з абласнога бюджэту”.
Каб пратэсціраваць новую тэхніку, зрабіць настройку сістэмы, наладку электраправодкі, у “АграБаравінку” прыехалі спецыялісты з “Гомсельмаша”. Іх мы і засталі за работай на мехдвары ў Язвіне. Яны рэгулявалі сістэму. Паралельна расказвалі нам пра новую тэхніку. “Гомсельмаш” павінен крочыць у нагу з новымі тэхналогіямі, каб быць канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку, каб наша тэхніка была не горшай за замежную, – расказаў інжынер-канструктар Віталь Шведаў. – Таму і эксперыментуем, выпускаем тэхніку заўтрашняга дня. Як, напрыклад, КВК-8060. Такіх кормаўборачных камбайнаў паступіла ўсяго чатыры на Віцебскую вобласць, адзін з іх – у “АграБаравінку”. Тэхнікі такой магутнасці яшчэ не было ў Беларусі. Што датычыцца ўборкі кукурузы, то вучоныя называюць КВК “тэхналогіяй аднаго дня”. Чым на ўборцы будзе працаваць некалькі невялічкіх камбайнаў, дык лепш адзін, які здольны за дзень здрабніць больш за тысячу тон кукурузы”.
Шырыня захопу жняяркі новага КВК – шэсць метраў, у кабіне кам’ютар, на маніторы якога можна бачыць абароты рухавіка, спраўнасць усёй сістэмы, іншыя параметры. Ёсць і датчык наяўнасці вадзіцеля ў кабіне, што выключае самаадвольны рух трактара. “Такой тэхнікі мы яшчэ не бачылі, – кажа галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Клімушэўскі. – Камбайн абсталяваны сістэмай цэнтралізаванай змазкі, два паліўныя бакі змяшчаюць больш за тону саляркі. Ёсць і абсталяванне для ўнясення біякансервантаў, што немалаважна для закладкі сіласных траншэй”.
Новым КВК мяркуюць у гаспадарцы ўбіраць кукурузу. На 5 кастрыч-ніка ў “АграБаравінцы” быў убраны толькі 261 гектар (52,2% да патрэбнага). “У нас ёсць два кормаўборачныя камбайны, але праблема ў тым, што яны вельмі часта псуюцца, – кажа галоўны аграном “АграБаравінкі” А. В. Міраненка. – Месцамі ўраджайнасць кукурузы даходзіць да трохсот цэнтнераў з гектара. Убіраць ёсць што, таму новай тэхніцы мы вельмі рады”.
КВК-8060 даверылі аднаму з лепшых механізатараў гаспадаркі Ігару Бегунову. “Я ездзіў на курсы, вучыўся працаваць на новай тэхніцы, – кажа механізатар. – Разам са спецыялістамі “Гомсельмаша” паўдня працавалі на кукурузе, выпрабоўвалі КВК. Адчуванні неперадаваемыя. Уражвае магутнасць машыны і яе высокая прадукцыйнасць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 09.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *