Быць жанчынай – высокае званне!
Дзве жыхаркі Шумілінскага раёна – старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова і ветэран працы Аляксандра Пальвінская – сталі лаўрэатамі абласнога этапа XVII рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2024», ініцыянаванага РГА «Беларускі саюз жанчын». Ушанаванне лепшых прадстаўніц розных сфер паўночнага рэгіёна адбылося напярэдадні жаночага вясенняга свята ў Віцебску ў канцэртнай зале «Віцебск».
Сапраўды, нашы жанчыны-беларускі адыгрываюць значныя ролі і займаюць важныя пазыцыі ў грамадстве. Ім удаецца быць паспяховымі кіраўнікамі, вясковымі гаспадынямі, праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю, працаваць мамамі, займацца дабрачыннасцю, клапаціцца пра захаванне культурных і духоўных каштоўнасцей. Ім па сілах быць моцнымі і рашучымі, пяшчотнымі і клапатлівымі, творчымі і ініцыятыўнымі, самаахвярнымі і міласэрнымі. Калі яны захочуць і паставяць перад сабой мэту, ім па плячы любая справа.
Гэта з поўным правам можна сказаць і пра нашых лаўрэатаў. Заслужаную ўзнагароду ў намінацыі «Актыўная жыццёвая пазіцыя» атрымала Вольга Пусянкова –– прафсаюзны лідар работнікаў аграпрамысловага комплексу, старшыня пярвічкі ГА «Беларускі саюз жанчын» райсельгасхарчу, вядомая ў раёне асоба, неаднаразовы герой нашых газетных публікацый.
Смелая, актыўная, ініцыятыўная, Вольга Іванаўна сваімі справамі і ўчынкамі пацвярджае жыццёвы дэвіз «Усяму можна навучыцца і ўсяго можна дасягнуць!». Яшчэ ў маладосці, будучы абранай у сельгаспрадпрыемстве старшынёй пярвічкі Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, вельмі старалася зрабіць жыццё маладых людзей на вёсцы больш цікавым і разнастайным. Потым у яе быў райкам БПСМ, пасада галоўнага заатэхніка сельгаспрадпрыемства, прафесія мамы дваіх дзетак…
Амаль восем год Вольга Пусянкова ўзначальвае раённую прафсаюзную арганізацыю работнікаў АПК, абараняе інтарэсы аграрыяў. З часам да яе упартасці, мэтанакіраванасціінераўнадушнасці дадаліся вопыт, арганізатарскіяздольнасці і ўсведамленне неабходнасці быць датычнай да грамадска-палітычнага жыцця раёна і краіны. І таму не выпадкована яе рахунку – пяць электаральных кампаній, у якіх Вольга Іванаўна была старшынёй участковай выбарчай камісіі, і чатыры кампаніі, дзе яна працавала яшчэ і каардынатарам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.
«У мяне ў сутках 25 гадзін, – усміхаецца Вольга, – і застаецца трохі часу для сябе, для захапленняў, без якіх я таксама не ўяўляю свайго жыцця. Бісер, мылаварэнне, букеты з цукерак, скрапбукінг, алмазная мазаіка, фааміран, салёнае цеста, у апошні час – брошкі з бісеру, сумачкі з пацерак… Што я толькі не асвоіла, чым я толькі не займалася! Я яшчэ не магу жыць без рыбалкі (яе я, напэўна, люблю больш, чым муж), без ціхага палявання, без пастаяннага руху. Ведаеце, гэта ўсё, што робіць мяне шчаслівай жанчынай…
Аляксандра Васільеўна Пальвінская сваім жыццём пацвярджае намінацыю “Не старэюць душой ветэраны”, у якой атрымала ўзнагароду. Яна адпрацавала ў раённай медыцынскай сферы 54 гады і працягвае працаваць і цяпер, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Лёс жанчыны з нараджэння складваўся няпроста, бо нарадзілася яна ў студзені 1945 года ў канцлагеры “Нойенгам” у Гамбургу. Дзяўчынку адразу забралі ў маці і змясцілі ў дзіцячы дом. Вызваленне прыйшло ў маі 1945, калі англійскія войскі вызвалілі зняволеных. Маці запомніла дачку па радзімым пятне і дабілася яе вяртання, калі ў ліпені былых зняволеных адпраўлялі ў Савецкі Саюз. Вярнуліся ў родную вёску Крупчына, маці выйшла замуж, нарадзіліся яшчэ двое дзетак.
У 1953 годзе пайшла ў першы клас Шумілінскай СШ №1. Як успамінае Аляксандра Васільеўна, у школе падручнікаў не было акрамя “Буквара”, чытаць яна вучылася па часопісе “Аганёк”. З шостага класа вучылася ў СШ №2, якую паспяхова закончыла ў 1963 годзе. Паступіла на лячэбны факультэт Віцебскага медыцынскага інстытута, бо свой выбар – стаць урачом – зрабіла яшчэ ў пятым класе. У інстытуце сустрэла і будучага мужа. Працаваць вярнулася на радзіму — у Шумілінскі раён, дзе працуе і зараз.
Яна вельмі ганарыцца дзецьмі – дачкой Наталляй і сынам Андрэем, якія бліскуча закончылі школу, ВНУ, склаліся як прафесіяналы ў сваіх спецыяльнасцях, маюць свае сем’і.
“Маё жыццё і лёс – гэта жыццё і лёс маіх дзяцей, а цяпер і ўнукаў”, — кажа Аляксандра Пальвінская.
Лепшых жанчын Віцебшчыны ўзнагародзілі ў сямі намінацыях –«Паспяховы кіраўнік», «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Сэрца аддаю людзям», «Матчына слава», «Гаспадыня вёскі», «Не старэюць душой ветэраны», «Духоўнасць і культура». Сем жыхарак вобласці прадставяць рэгіён на рэспубліканскім узроўні.
Лаўрэатаў конкурсу, а таксама ў іх асобе ўсіх жанчын Віцебшчыны, павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
«Жанчына — гэта ўжо само па сабе высокае званне. Вы нас натхняеце, дзеля вас усё робіцца, здзяйсняюцца ўсе ўчынкі. Акрамя віншаванняў, хочацца сказаць вам дзякуй, таму што акрамя духоўнай дапамогі нам, мужчынам, вы вельмі многае робіце паралельна, і многія працэсы вы бераце на свае далікатныя плечы, нават калі мы апускаем рукі. Вы не проста стаіце побач, падстаўляючы сваё плячо, але яшчэ і робіце велізарную колькасць спраў, якія не бачныя, — даглядаеце за домам, вядзеце гаспадарку, выхоўваеце дзяцей. Калі гэта скласці разам, то можна толькі здзіўляцца, як гэта рэальна ўкласці ў 24 гадзіны ў суткі. Гэта з’яўляецца цудам і подзвігам. Нізкі вам паклон ад усяго мужчынскага насельніцтва Віцебшчыны», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Алена КАРПУШЭНКА.

