«Леди Весна». Конкурс красоты и талантов прошёл в Шумилино 7 марта

Главное Культура Общество

Прыгожым, яркім і музычным шоў-конкурсам «Лэдзі Вясна» адзначылі Дзень жанчын у Шуміліне.

Прыгожыя, мілыя, разумныя, сур’ёзныя і вясёлыя, непрадказальныя і загадкавыя, пяшчотныя, як вясновыя промні сонца – безліч эпітэтаў можна ўжыць, калі размова ідзе пра жанчын. Безліч цёплых слоў было сказана ў адрас цудоўнай паловы чалавецтва падчас святочнага мерапрыемства з нагоды Дня жанчын у раённым цэнтры культуры.

Ад імя раённай улады жанчын Шуміліншчыны павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і пажадаў шчасця, поспехаў, на строю, кахання.

Пасля на раённай сцэне распачаўся конкурс прыгажосці і таленту. Мяркуючы па тым, што ў зале быў поўны аншлаг, шумілінцы любяць такія мерапрыемствы і з задавальненнем іх наведваюць. Калі летась праходзіў конкурс прыгажосці «Краса Шуміліна» сярод дзяўчат аднаго ўзросту, то сёлета арганізатары запрасілі прыняць удзел у шоу «Лэдзі Вясна» дзяўчат і жанчын розных узростаў, каб пацвердзіць, што прыгожая палова чалавецтва ў кожным узросце чароўная і абаяльная.

Вядучыя Андрэй Трафімаў і Юрый Афанасьеў у самым пачатку аб’явілі пра анлайн-галасаванне сярод гледачоў – выбраць, каму дастанецца прыз сімпатый гледачоў.

Гледачы горача падтрымлівалі апладысментамі сямёра ўдзельніц: Ксенію Шпыркіну, Анастасію Чаброву, Марыю Трушыну, Паліну Лазар, Таццяну Пясецкую, Наталлю Аляшкевіч і Марыну Прохараву. Самай маленькай удзельніцы, сямігадовай Ксеніі, выпала першай выйсці на сцэну, паказаць сябе і свае здольнасці. Трымалася дзяўчынка смела, упэўнена, як сапраўдная артыстка.

Усе ўдзельніцы з годнасцю паказалі сябе ў конкурсах «Лэдзі ведае», «Хвіліна славы», прадэманстраваўшы шырокі кругагляд, веды ў літаратуры, музыцы, кіно, модзе, народных звычаях і мультфільмах. Са сцэны гучалі песні, вершы, танцавальныя кампазіцыі.

Адной з найбольш яркіх этапаў конкурсу стала дэфіле «Пяшчотнае ўбранне вясны». Дзяўчаткі і жанчыны ў рознакаляровых сукенках, з прычоскамі, упрыгожанымі кветкамі, грацыёзна, велічна і горда прайшліся пад музыку па сцэне.

Журы, якое ў гэты дзень складалася пераважна з мужчын, адзначыла, што ўсе канкурсанткі малайцы, падарылі гледачам многа станоўчых эмоцый.

Тытулу «Міс Зачараванне» ўдастоена Ксенія Шпыркіна, «Міс Крэатыўнасць» – Анастасія Чаброва, «Міс Какетка» – Марыя Трушына, «Міс Пяшчота» – Паліна Лазар, «Міс Грацыя» – Таццяна Пясецкая, «Міс Фантазія» – Наталля Аляшкевіч, «Міс Натхненне» – Марына Прохарава. Між іншым, Марына Іванаўна па выніках анлайн-галасавання стала ўладальніцай прыза сімпатый гледачоў з вялікім адрывам.

З раённай сцэны была выказана падзяка спонсарам мерапрыемства – раённаму аддзяленню Беларускай партыі «Белая Русь», раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру», райкаму прафсаюза работнікаў АПК, райкаму ГА БРСМ, аддзелу ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, гаспадыні магазіна «Ёршык» Таццяне Барадзюля, фатографу Кацярыне Барабанавай, прадпрымальніку Ірыне Карацеевай за прадастаўленыя па дарункі для ўдзельніц шоу.

У фае раённага цэнтра культуры была арганізавана фотазона «Прыгожая. Яркая. Пяшчотная», выставы Дома рамёстваў і раённай бібліятэкі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *