У Дабеі будуць вырошчваць свіней
На Шуміліншчыну прыйшлі інвестары – ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» і ТАА «Вітконпрадукт» (абодва ўваходзяць у аграхолдынг «Славянскі Велес»).
Жывёлагадоўчы комплекс Дабея (належаў ААТ «Прыазёрны мір»), які некалькі гадоў стаяў незапатрабаваным, перададзены ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта. З нядаўняга часу тут актыўна развярнуліся работы. Зараз рэканструкцыя комплексу ў самым разгары.
На аб’екце працуюць каля трыццаці чалавек будаўнічай брыгады «Віцебскаграпрадукт», задзейнічана нямала тэхнікі: самаходны бетоназмяшальнік, франтальны пагрузчык, экскаватары, бульдозеры. На першых двух памяшканнях ужо адрамантаваны дах, цэментуецца падлога, праводзіцца каналізацыя. Работы наперадзе яшчэ вельмі многа. Трэба абтынкаваць сцены, зманціраваць электраабсталяванне, усталяваць лінію кармлення, падвесці водаправодныя і газавыя трубы, зрабіць агароджу і пад’язныя шляхі.
«У адрамантаваных памяшканнях будуць вырошчваць свіней, каля 28 тысяч галоў, – расказаў начальнік цэха забою птушкі Шуміліна ТАА Вітконпрадукт” Павел Шустроў. – Першыя два памяшканні, у якія паставяць больш за дзесяць тысяч свіней, пачнуць праца ваць у ліпені. Рашэнне вырошчваць жывёлу на Шуміліншчыне звязана з пашырэннем вытворчасці «Віцебскаграпрадукта». Нашы свінагадоўчыя памяшканні ёсць ва Ушачах, Чашніках, Лепелі, алачыне. На чарзе – Шумілінскі раён. На свінакомплексе адкрыюць 26 рабочых месцаў».
Участак раслінаводства. Каб пракарміць вялікую колькасць жывёлы, выгадней вырошчваць свае кармы, чым іх купляць. Зыходзячы з гэтага пункту погляду, ТАА «Вітконпрадукт» стварыла ўчастак раслінаводства ў Дабеі, дзе працаўладкавана ўжо 12 чалавек, возьмуць на работу яшчэ шасцёра. Узялі 1,2 тысячы навакольных палеткаў, якія раней былі незапатрабаванымі. І актыўна вядуць падрыхтоўку глебы – на палетках працуюць трактары з плугамі, уносяцца мінеральныя ўгнаенні. Юрый Пачко, які прызначаны тут начальнікам, расказаў, што на ўчастак закуплена новая тэхніка: два трактары “Кіравец”, чатыры МТЗ-1221, адзін МТЗ-2022, прычапное абсталяванне, адзін зернеўборачны камбайн. На палетках ужо засеялі 816 гектараў кукурузы і 145 гектараў яравога рапсу. Работы працягваюцца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



