Пад сцягам роднай краіны
Шуміліна Дзень дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь адзначыла патрыятычнай акцыяй – велапрабегам «Ганарымся сімваламі сваёй краіны», якую арганізавалі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, ДЮСШАР, раённая арганізацыя ГА «Белая Русь».
Удзельнікаў велапрабегу вітала намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ірына Шалахава: «Гэта свята аб’ядноўвае ўсе пакаленні і дае магчымасць кожнаму з пачуццём гонару ўсвядоміць сваю прыналежнасць да Беларусі. Сёння вы стартуеце ад святога месца – Алеі Славы. За шумілінскую зямлю ваявалі нашы мужныя землякі. Адзін з іх – Дзмітрый Мясаедаў, які першы ўстанавіў пераможны сцяг над вызваленым Віцебскам. Мы ганарымся Перамогай, мы ганарымся сцягам Рэспублікі Беларусь. Яго чырвоны колер нагадвае пралітую кроў нашых дзядоў і прадзедаў за Перамогу, а зялёны колер – сімвал жыцця на зямлі».
Да партрэтаў-герояў усклалі кветкі, памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання.
Удзельнікі велапрабегу – прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі раёна – пад сцягам роднай краіны праехалі па вуліцах Кароткіна-Суворава-70 год БССР- Юбілейная-С.Т. Пальвінскай– Хамянкова-Посахава-Сіпко-Мясаедава-Ленінская-Кароткіна.
«Кожны год удзельнічаем у велапрабегу. Настрой цудоўны, – расказалі Ірына і Васіль Яблыкавы. – Прыехалі на мерапрыемства з 10-гадовым сынам Расціславам. Мы, як і ўсе беларусы, паважаем дзяржаўныя сімвалы, гэта праяўленне любві да радзімы, сваіх продкаў».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

