Перамога язвінскіх футбалістаў
Нядаўна наш зямляк Раман Гольдберг, які зараз пражывае ў Ізраілі і падтрымлівае цесныя сувязі з малой радзімай, даслаў у рэдакцыю фота з сямейнага архіва – футбольную каманду калгаса імя Суворава. Фотаздымак прыйшоўся вельмі дарэчы да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, свята прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
– У 80-х гадах язвінская футбольная каманда, якая абараняла гонар калгаса імя Суворава, выйграла першынство Віцебскай вобласці сярод калгасаў, – расказаў Раман Барысавіч. – Затым мы паехалі на першынство Беларусі сярод калгасаў і занялі там трэцяе месца. На жаль, ужо не памятаю прозвішчы тых, з кім гуляў на полі. Але адзін факт запоўніўся добра. У першынстве Беларусі маглі ўдзельнічаць толькі работнікі калгаса. А я на той час быў дырэктарам Шумілінскай музычнай школы, няблага гуляў у футбол, і паехаў на першынство ў якасці «пастуха» калгаса імя Суворава. Каманду пастараўся не падвесці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

