«Шумная ночь-6» прошла в Шумилинском историко-краеведческом музее

Культура Новости

Падарожжа праз час і прастору з дапамогай мастацтваў

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў шосты раз прайшла «Шумная ноч», прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў.

Музей  па традыцыі запрасіў наведвальнікаў у вялікае падарожжа па часе і прасторы з дапамогай мастацтваў. Спалучэнне музыкі і жывапісу дапамагае адкрыць новыя таленты, зазірнуць у таямніцы творчасці.

У фае музея ўсіх сустракала персанальная выстава вучаніцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Эмы Сукіясян.

А ў выставачнай зале была прадстаўлена творчасць вядомага рускага мастака, мысліцеля, падарожніка, археолага і грамадскага дзеяча М.К. Рэрыха. Больш за дваццаць работ паказвалі розныя перыяды творчасці мастака, дапамагалі раскрыць яго думкі. Гімалайскія пейзажы, палотны, прысвечаныя архітэктурным помнікам індыйскай і рускай архітэктуры і мастацтва, пакідалі незабыўныя ўражанні. А расказы прадстаўніка культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рэрыхаўскае таварыства» Андрэя Пшонкі і прадстаўніка Віцебскага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае таварыства» Валянціны Маісеенка дапамаглі глыбей пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Рэрыха, яго філасофскімі думкамі і грамадскай дзейнасцю. Погляды Рэрыха на развіццё культуры, вывучэнне і захаванне культурных помнікаў застаюцца актуальнымі да нашага часу.

Наступная частка вечара была прысвечана музыцы. Усе прысутныя мелі магчымасць атрымаць асалоду ад класічных і сучасных твораў інструментальнай музыкі, якія выконвалі выпускнікі школы мастацтваў Марыя Скорынава (фартэпіяна) і Сцяпан Голубеў (цымбалы). Маладыя людзі з’яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Калі таленавітая піяністка Марыя Скорынава ўжо добра вядомая шумілінцам, то Сцяпана гледачы назвалі «адкрыццём года» і здзіўляліся, як арганічна класічная музыка гучала ў выкананні на такім народным інструменце, як цымбалы. Дапамагалі маладым музыкам педагогі школы мастацтваў Алена Скорынава (цымбалы), Уладзімір Скорынаў (баян) і  Таццяна Гутарава (фартэпіяна).

Заключнай лакацыяй музейнага вечара стаў фудкорт “Гісторыя савецкага грамадскага харчавання вачыма сучасніка, ці Хто не працуе, той не ясі”. Інсталяцыя ў выглядзе прылаўка савецкага буфета змяшчала плакаты і рэчы той эпохі. Дарэчы, калі сталае пакаленне добра знаёмае з гэтымі рэчамі, то моладзь нават не ведае, як карыстацца некаторымі прадметамі. Напрыклад, лічыльнікамі (рус. – счёты). Дапаўняў экспазіцыю звычайны асартымент буфета: піражкі, булкі, абаранкі, бутэлькі з рознымі напіткамі, гранёныя шклянкі.

«Шумная ноч-6» атрымалася цікавай і пазнавальнай. А спалучэнне розных мастацтваў пакінула яркія і запамінальныя ўражанні ў кожнага яе ўдзельніка.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *