
Такога снегападу, такога снегападу…
Зіма ніяк не збіраецца здаваць свае пазіцыі. І ў апошнія дні лютага ў поўную моц дэманструе свой нораў. Снегапад і завіруха, якія назіраліся ў раёне з вечара суботы, 25 лютага, і працягваліся ў нядзелю, 26 лютага, «падкінулі» работы ўсім службам.
«Работа вялася кругласутачна, да яе прыступілі 25 лютага а шаснаццатай гадзіне, бесперапынна працавалі нядзелю, працягвалі чысціць дарогі і ў панядзелак, – расказаў начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі №364 філіяла ДЭУ-36 РУП «Віцебскаўтадар» Віктар Прыходзька. – Арганізавалі работы комплексна: адначасова і расчыстку, і падсыпку супрацьгалалёднай сумессю. Былі задзейнічаны 2 МАЗы, тры трактары, аўтагрэйдар, пагрузчык. На «Газелі» праводзілася патруляванне дарог Віцебск-Полацк і Гарадок-Ула-Камень (у межах раёна). Сітуацыя была вельмі складанай: з-за моцнага снегападу і ветру праз дзве гадзіны дарогу трэба было прачышчаць зноў. Толькі за нядзелю нашай тэхнікай было прачышчана больш за паўтары тысячы кіламетраў дарог».
Ва ўзмоцненым рэжыме працавала ДРБУ-204, работнікі якога выехалі на расчыстку ў нядзелю а чацвёртай гадзіне раніцы. Працавалі на трох грэйдэрах, трох трактарах, трох МАЗах і пагрузчыку. На дапамогу дарожнікам прыйшлі трактары з УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» і КУП БАН. «Работа была арганізавана ў дзве змены, – расказаў начальнік дарожнай службы Уладзімір Раманаў. – Прыярытэтны накірунак – расчыстка для забеспячэння праезду транспарту. За нядзелю са 670 км дарог мясцовага значэння было прачышчана 70%. У першую чаргу працавалі на тых участках, дзе ходзяць рэйсавыя аўтобусы. У панядзелак дачышчалі астатнія, а таксама прыступілі да ачысткі мастоў і прыпынкаў».
Непагадзь нарабіла бяды і ў лясным фондзе, паведаміў галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса Іосіф Гарошчык. Раніцай у панядзелак было вызначана, што зламана 60 кубаметраў дрэў на 15 гектарах ляснога масіву. Акрамя гэтага, прыкладна на гектары лесу прыйдзецца праводзіць суцэльныя санітарныя высечкі. Цэлы дзень у нядзелю работнікі лясгаса працавалі на выкліках: вызвалялі аўтадарогі ад паваленых дрэў не толькі на Р-20 і Р-114, але і ля вёсак Лявонава, Убоіна, Шашы, Мішневічы, Роўнае, Сураўні.
Як паведаміў выконваючы абавязкі начальніка Раёна электрычных сетак Уладзімір Юпатаў, з-за снежнай непагадзі ў нядзелю з трох гадзін ночы пачаліся масавыя адключэнні электрычнасці. Усяго энергетыкі аднавілі электразабеспячэнне ў 43 населеных пунктах, 1750 абанентаў.
З наступствамі стыхіі змагаліся 4 брыгады Шумілінскага РЭС, на дапамогу з Віцебска прыехала яшчэ дзве брыгады. Работу ўскладнялі паваленыя на дарогі дрэвы, якія перашкаджалі людзям і тэхніцы хутка дабрацца да месцаў пашкоджанняў. У нядзелю ў 22.30 падача электраэнергіі была адноўлена да ўсіх спажыўцоў.
У нядзелю ў Шуміліне і па раёне па расчыстцы дарог ад снегу было задзейнічана 8 адзінак тэхнікі УП ЖКГ. Такую лічбу назваў намеснік дырэктара УП ЖКГ Аляксандр Левіт.
Тэхніка ў Шуміліне на расчытку выехала ў нядзелю ў тры гадзіны ночы. За дзень большасць дарог паспелі ачысціць па два разы.
Ларыса ЗАЙЦАВА, Аляксандр ШЭДЗЬКО.