Гандаль на вёсцы – на кантролі. Пратэрмінаваных тавараў не выяўлена
Работнікі галоўнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці правялі кантрольныя мерапрыемствы ў гандлёвых аб’ектах, размешчаных у сельскай мясцовасці Шумілінскага раёна.
Маніторынг праводзіўся як у магазінах спажывецкай кааперацыі (магазіны ў аграгарадках Амбросавічы, Кардон, Башні), так і прыватнай формы ўласнасці.
«Кантрольныя мерапрыемствы праводзяцца для павышэння ўзроўню гандлёвага абслугоўвання, пашырэння асартыменту тавараў, выключэння выпадкаў рэалізацыі тавараў неналежнай якасці – з прайшоўшымі тэрмінамі прыдатнасці, – адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення МАРГ па Віцебскай вобласці Святлана Мядзвецкая. – Кантрольныя мерапрыемствы праведзены ў 11 гандлёвых аб’ектах, у тым ліку ў трох аб’ектах Башанковіцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. У 9 аб’ектах устаноўлены парушэнні заканадаўства аб гандлі: нязначнае незахаванне пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці ў гандлёвым аб’екце, адсутнасць неабходнай інфармацыі для спажыўцоў і іншае. ТАА «Міравам» ажыццяўляў рознічны гандаль таварамі ў магазіне, размешчаным у аграгарадку Мікіціха, звесткі пра які не былі ўключаны ў дзяржаўны інфармацыйны рэсурс “Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь”. Гаспадарчым суб’ектам, якія дапусцілі парушэнні, накіраваны рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў. Не можа не радаваць той факт, што ні ў адным гандлёвым аб’екце, дзе быў маніторынг, не выяўлены пратэрмінаваныя тавары».
Па выніках маніторынгу гандлёвых аб’ектаў спажыўкааперацыі ў сельскай мясцовасці кантралёры адзначылі, што асартымент тавараў значна пашырыўся, ажыццяўляецца сістэматычная пастаўка тавараў у колькасці, якая задавальняе попыт пакупнікоў.
Як адзначылі кантралёры, маніторынг работы гандлёвых аб’ектаў у раёне, у тым ліку ў сельскіх населеных пунктах, будзе прадоўжаны.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

