КУПАЛЬНЫ СЕЗОН: бяспека плюс камфорт

Пытанне ўладкавання і падтрымання ў належным стане месцаў адпачынку людзей каля вады знаходзіцца на пастаянным кантролі раённых улад.
У дадзеную работу ўцягнуты неабходныя службы, арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Тэма падрыхтоўкі і гатоўнасці месцаў масавага адпачынку і работы па папярэджанні гібелі людзей на вадзе стала галоўнай падчас выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Мікалая Будневіча. Удзел у рабоце прыняў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі.
З падрабязнай інфармацыяй аб тым, якая работа праведзена адказнымі службамі па падрыхтоўцы месцаў масавага адпачынку, выступіла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Зянькова.
Сёлета ў раёне афіцыйна вызначаны тры месцы для купання і адпачынку насельніцтва – возеры Шумілінскае, Лескавіцкае і Будавесць у аграгарадку Башні. За ўсімі аб’ектамі замацаваны адказныя арганізацыі, якія павінны былі выканаць пэўныя работы па ўладкаванні і добраўпарадкаванні аб’ектаў. На першым плане стаіць забеспячэнне бяспечнага адпачынку на водных аб’ектах. Камісійна былі абследаваны зоны адпачынку і дадзена ацэнка іх гатоўнасці.
Бяспечны адпачынак грамадзян на Шумілінскім возеры і на возеры Лескавічы забяспечваюць сезонныя абсталяваныя стацыянарныя ратавальныя пасты. Дно акваторый пляжаў абследавана і ачышчана спецыялізаванай арганізацыяй. Санітарная служба правяла лабараторныя даследаванні вады на азёрах Шумілінскае і Лескавіцкае, па выніках лабараторных выпрабаванняў неадпаведнасцей гігіенічным нарматывам не зарэгістравана.
Ішла размова і пра папулярнае ў насельніцтва месца адпачынку – возера Разван. Пакуль яно не ўваходзіць у пералік месцаў масавага адпачынку. Падтрыманне належнага стану тэрыторыі возера Разван прапанавана ажыццяўляць мясцоваму сельвыканкаму з прыцягненнем ініцыятыўных грамадзян.
А вось возера Будавесць у Башнях у гэты пералік трапіла, і з восені мінулага года тут праведзены пэўныя работы па ўладкаванні зоны адпачынку. Сёлета райвыканкам накіраваў хадайніцтва ў Віцебскую абласную арганізацыю Таварыства ратавання на водах аб неабходнасці абсталявання дадзенага месца адпачынку ратавальным пастом. Пытанне застаецца на кантролі.
Даклад дапоўніў старшыня раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах Аляксандр Шарафудзінаў, які расказаў аб праведзенай рабоце па прафілактыцы і папярэджанні гібелі людзей на вадзе, задачах на бягучы сезон. Важна: за апошнія два гады дзякуючы зладжанай рабоце зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі ў раёне не дапушчана гібелі людзей ад утапленняў.
Выязное пасяджэнне прайшло на базе Шумілінскай ПМК-70. Пасля азнаямляльнай экскурсіі па аб’ектах, якія будуюць і рамантуюць шумілінскія будаўнікі ў райцэнтры, удзельнікі пасяджэння разгле дзелі ў актавай зале разам з тэмай купальнага сезона і вынікі работы Шумілінскай ПМК-70 за 2024 год-4 месяцы бягучага года. З дакладам выступіў дырэктар прадпрыемства Аляксей Крыўко.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты
адпаведныя пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
