У рамках рэспубліканскай акцыі МНС «Бяспечныя канікулы» для дзяцей аздараўленчага лагера «Дружба», які месціцца ў маляўнічым месцы на беразе возера Будавесць, быў арганізаваны займальны інтэрактыўны «дзень бяспекі». Каб дзень прайшоў карысна і займальна, шумілінскія ратавальнікі сумесна з работнікамі «Віцебскаблгазу» і ДАІ вобласці падрыхтавалі шмат займальных і пазнавальных заданняў.
Ранішні пад’ём па трывозе, эвакуацыя з будынка спальнага корпуса, ратаванне супрацоўнікамі РАНС дваіх дзетак з пакоя на трэцім паверсе, якія, па легендзе, засталіся ў закладніках дыму… Сцэнарый не горш, чым у прыгодніцкім кіно… Такія «пастановачныя ўзгаранні» дапамогуць запомніць дзецям да дробязей, як дзейнічаць пры ўзнікненні рэальных надзвычайных сітуацый, упэўнены ратавальнікі.
Пасля зарадкі і шчыльнага сняданку хлопцы і дзяўчаты змаглі паказаць свае навыкі і ўменні ў конкурсах на інтэрактыўных навучальных пляцоўках бяспекі, у спартыўных і інтэлектуальных гульнях. Не абышлося і без воднай феерыі, дзе ратавальнікі падалі ваду пры дапамозе лафетнага ствала.
Не засталася без увагі і адна з самых актуальных летніх тэм – бяспека на вадзе. Начальнік абласной дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Аляксандр Ярмаш арганізаваў для дзяцей спецыяльныя заняткі па навучанні плаванню. А ратавальнікі арганізавалі работу навучальнай інтэрактыўнай пляцоўкі, дзе рабяты ў гульнявай форме паўтарылі навыкі правілаў бяспечных паводзін на водных акваторыях. Самыя смелыя змаглі пракаціцца па воднай роўнядзі возера на маторнай лодцы, як кажуць, з ветрыкам.
Мерапрыемства прынесла дзецям не толькі карысныя веды, але станоўчыя эмоцыі і добры настрой.
Вадзім ПІВАВАРАЎ, інспектар РАНС.


