Папараць-кветку шукалі, вяночкі плялі, карагоды вакол вогнішча вадзілі
Свята народнага календара “Купалле” адзначылі шумілінцы 6 ліпеня на Шумілінскім возеры
У купальскі вечар каля вогнішча на беразе Шумілінскага возера сабралася многа людзей. На шматлікіх пляцоўках разгарнуліся гульні, забавы, спаборніцтвы, музычныя праграмы, карагоды… Вядучыя нагадвалі, што Купалле – старадаўняе свята, звязанае з чароўнымі ўласцівасцямі Сонца, вады і траў-зёлак. Напэўна, кожнаму вельмі хочацца верыць у чароўныя сілы, якія дапамогуць, таму на ляльку-купалінку, зробленую з травы і кветак, жадаючыя ахвотна завязвалі рознакаляровыя стужкі і загадвалі патаемныя жаданні.
Хутка разыходзіліся купальскія вяночкі ад Дома рамёстваў. Дзяўчаты ладзілі фотасесіі ля вады, хлопцаў вабіла пляцоўка ФАЦа, дзе яны спрабавалі свае сілы ў атлетычных забавах: кіданні бервяна і практыкаваннях з пудовай гірай. 50 жымаў, 60, 70… Пераможцам стаў Канстанцін Багачоў – падняў гіру 70 разоў правай рукой і 30 левай.
Папулярнасцю карысталіся сап-дошкі для катання па возеры і шары-зорбы, у якіх кувыркаліся на вадзе дзеці, чарга была і на батут. Ахвотна далучаліся ўдзельнікі свята да карагодаў, якія вадзілі дзяўчаты ў купальскіх уборах, фатаграфаваліся з імі.
А на галоўнай сцэне разгарнуліся традыцыйныя прыгоды ў пошуках папараць-кветкі, барацьба з рознымі фальклорнымі нячысцікамі, “Гульбічы” спявалі песні.
Самы вялікі карагод утварыўся каля вогнішча, якое таксама валодае чароўнымі сіламі – адганяе злыя сілы, ачышчае ад хвароб і сурокаў.
У гэтую чароўную ноч нехта, напэўна, абавязкова знайшоў папараць-кветку і атрымаў шчасце і багацце на цэлы год. Але ўсе без выключэння атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый, радасці і задавальнення.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.





















