
Падтрымаем шумілінцаў на фестывальных пляцоўках
З 8 па 14 ліпеня на шматлікіх пляцоўках разгорнецца XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Яшчэ ніводны “Славянскі базар” не абышоўся без удзелу шумілінскіх майстроў і артыстаў, расказала начальнік сектара культуры райвыкнакама Ірына Ласянкова. Вось і сёлета ў асноўныя фестывальныя дні – з 10 па 13 ліпеня – майстры шумілінскага Дома рамёстваў у фестывальным Горадзе майстроў будуць дэманстраваць майстар-класы і гандляваць сваімі вырабамі на выставе-продажы.
10 ліпеня раённы цэнтр культуры прадставіць брэнд рэгіёна, якім сёлета будзе Обальскі керамічны завод. Прэзентацыя пройдзе ў парку імя Фрунзе на пляцоўцы каля фантана.
11 ліпеня на плошчы Свабоды абласнога цэнтра адбудзецца канцэрт “У коле сяброў”, у якім возьмуць удзел калектывы Обальскай дзіцячай школы мастацтваў: народны вакальны ансамбль “Гарэзнікі” і дзіцячы ансамбль лыжачнікаў.
12 ліпеня ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе XII Міжнародны турнір нацыянальных танцаў “Танчым разам”, у якім будуць удзельнічаць ў розных узроставых катэгорыях дзве пары з Шумілінскага раёна. Турнір пройдзе на плошчы Свабоды.
Калі вы будзеце ў гэтыя дні ў Віцебску, наведайце нашы пляцоўкі і падтрымайце землякоў на “Славянскім базары”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
